Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 013

Пра казуркаў

Наш тата быў надзвычай чульлівы і жаласьлівы чалавек, перакананы веган, і ставіўся паважліва да кожнае казуркі. Ён заўсёды насіў з сабой лінейку, каб пластаць нас з брацікамі па пальцах, калі мы ўздумаем катаваць кацянятак ці шчанюкоў. Зрэшты, схільнасьці да зьдзекаў над жывёламі мы ня мелі, і яму толькі аднойчы ўдалося падлавіць нас – калі мы намерыліся падсмажыць павелічальным ішклом прусака, які заблукаў на кухонным падаконьніку. Тата імгненна пастроіў нас па росту і жорстка выялаў, пагражаючы трыбуналам. Прусак, сказаў ён, гэта мірнае насельніцтва; ён сьпяшаецца дамоў да матухны, а тая чакае яго, з надзеяй глядзіць у вакно, і выплакала ўжо ўсе сьлёзы! А вы? Што вы робіце? Вы хочаце расправіцца зь нявіннай маленькай істотай як бандыты, як злодзеі, як куклюксклянаўцы – і толькі за ягоную прыналежнасьць да вусякоў? О, і гэта мае дзеці! Мы, прысаромленыя, хлюпалі насамі. Зразумелі? Спачні.

Адзіным выключэньнем з усіх жывёлаў, якія падлягалі міласэрнасьці, была моль. Тата ненавідзеў моляў за тое, што адна зь іх праела дзірку ў ягоным любімым ваўняным шаліку, уласнаручна зьвязаным мамай. Згледзеўшы молю, тата выдаваў адважны ваяўнічы кліч, гукаючы ўсіх нас на вайну. Змагацца належыла тапкамі. Мы хуценька выграбалі з шафы тапкі – іх меўся цэлы стратэгічны запас – і беглі на заклік. Трапіць тапкай па молі было няпроста, але гэта толькі дадавала нам адвагі і ўдаласьці. Са страшэннымі крыкамі мы шпурлялі ў молю нашы снарады, падымаючы пыл і грукат, абвальваючы кнігі, карціны й рондалі, пакуль не зьяўлялася мама. Яна лавіла молю ў далоні і выпускала на вуліцу.

Пасьля гэткіх сутычак тата задаволена разгладжваў вусы і йшоў на кухню да прусака, якога назваў Ота, на нямецкі манер. «Мір табе, дружа мой Ота! – урачыста абвяшчаў тата, – дабрабыт табе і дастатак! Прымі гасьціннасьць гэтае хаты, бо яна – ад сэрца! Будзь шчасьлівы! Жыві! Дзей! Любі!» І крышыў прусаку булку. Мы аднойчы надумаліся высачыць, дзе жыве Ота, і ці дзеліцца ён булкай са сваёй матухнай, але ён сноўдаў па кухні бязмэтнымі коламі дый, падобна, ня меў ані сям’і, ані прытулку. Напэўна, гэта самотны прус-вандроўнік, вырашылі мы. І сапраўды, не прайшло й месяца, як ён зьнік. Тата чакаў паўтары дні, а потым загадаў нам абшукаць усю хату і гарод – раптам Ота зьнепрытомнеў і ляжыць дзесьці, пакутуе і чакае дапамогі? Але пошукі нічога ня высьветлілі, і тата быў зьбянтэжаны й нават абражаны. Некаторы час ён спадзяваўся на вяртаньне Ота, і яго калі-нікалі можна было застаць на кухні – сагнуўшыся, ён зазіраў пад шафку – тады мы адцягвалі ягоную ўвагу і прасілі распавесьці казку.