Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 012

Пра мужчыну

Аднойчы мы з брацікамі паспрачаліся, у якім узросьце робяцца мужчынамі: у чатырнаццаць альбо ў шаснаццаць? Даказаць лёгікай аніводную з гіпотэзаў не атрымлівалася, і мы мусілі зьвярнуцца да таты, хоць і баяліся, што ён скажа васемнаццаць, і прыйдзецца чакаць занадта доўга. Але тата, як звычайна, палічыў за лепшае не канкрэтаваць, а распавесьці казку:

– Жыў-быў калісьці падаўней хлопчык, які таксама хацеў як мага хутчэй зрабіцца мужчынам. Гэта здавалася яму амаль недасяжным, неверагодным, але ён набраўся цярплівасьці й паклаў сабе пэўны ўзрост: васемнаццаць. Доўгія гады ён правёў у чаканьні, і вось нарэшце адметны дзень надышоў. Было шмат гасьцей, шмат урачыстых прамоваў, дарослы наручны гадзіньнік і корцік у падарунак. Некалькі дзён хлопчык прыслухоўваўся да пачуцьцяў, але мужчынам сябе па-ранейшаму не адчуваў. Напэўна, трэба навучыцца курыць цыгару і піць віскі? – падумаў ён і прыступіўся да заняткаў. І навучыўся, але гэта таксама не наблізіла яго да мэты. Тады ён раптам натхніўся: усё проста! неабходна спазнаць жанчыну! І ён пайшоў і спазнаў. Мужчына я цяпер ці не? – разважаў ён, час ад часу спазнаючы для надзейнасьці іншых жанчын. Але няўпэўненасьць не пакідала яго. Тады хлопчык запісаўся добраахвотнікам у войска, адслужыў некалькі гадоў, а апошняга году трапіў на сапраўдную вайну, дзе забіў некалькі ворагаў і цудам выжыў сам, абышоўшыся шнарам. Калі ён вярнуўся дадому, дык замнога не разважаў – ажаніўся, нарадзіў сына, пасадзіў дрэва й пабудаваў хату, усё як запаветалі клясыкі. А каб замацаваць вынік, нарадзіў яшчэ аднаго сына і дзьвюх дачок. Пасьля гэтага думкі пра мужчыну на некаторы час пакінулі яго, але потым... потым вярнуліся з новай сілай. Разбагацець! – вырашыў хлопчык і заняўся бізнэсам. Было няпроста, але за тузін гадоў упартае працы ён дасягнуў мэты, і зрабіўся адным з найбагацейшых людзей у горадзе. Але мужчына не пускаў яго й мучыў нават на тэрасе ўласнага паляццо на ўзмор’е. Улада! – прыйшло яму ў галаву неяк уноччу. Падумана – зроблена. Перамовы з уплывовымі сябрамі, узаемакарысныя паслугі, сумесныя ўгоды, прадуманыя шлюбы сыноў і дачок – і вось ён ужо катаўся зь мігцелкай. Ён загадваў, і яму з паклонамі ды страхам у вачох слухаліся сотні людзей. Але й гэта не спатоліла ягоную прагу зрабіцца мужчынам. Трэба зьдзейсьніць нешта добрае, – прыйшоў да высновы хлопчык, – нешта добрае й бескарысьлівае. Выдаткаваўшы палову багацьця, ён пабудаваў шыкоўны шпіталь для бедных і буйную школу для сіротаў, а тым, хто цярпеў асаблівыя нястачы, прызначыў шчодрыя пэнсіі й стыпэндыі. Да таго часу і дзед ягоны, і бацька памерлі, і ён зрабіўся старэйшым у сям'і. А ў горадзе ён стаў сама паважаным чалавекам, сапраўдным старэйшынам. Барада ягоная была раскошна доўгая й сівая, апранаўся ён у беласьнежны гарнітур, а ў рукох заўсёды трымаў моцны кій. І вось тады, калі хлопчыку споўнілася восемдзесят пяць, ён усьвядоміў аканчальна: мужчынам робіцца той, хто годна сустрэне сьмерць. І памёр. Вось як, дзеткі.

– Але ж татачка! Атрымліваецца, што зрабіцца мужчынам пры жыцьці зусім ніяк не магчыма? – усклікнулі мы.

Папа сьцьвярджальна нахіліў галаву, але ягоныя вочы хітра жмурыліся – і праз гэта рабілася весела й наогул анічога не зразумела.