Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 010

Пра свабоду выбару

Адразу пасьля Толіка нарадзіўся Колік.

– Бачылі новага браценіка? Падабаецца? – ганарыўся тата. – Глядзіце, які валасаты!

Мы спачатку холадна сустрэлі Коліка, заняўшы пазыцыю маўклівага назіраньня. А тата заставаўся на вяршынях шчасьця і фантанаваў новымі пэдагагічнымі ідэямі. Прыкладам, ён параіўся з дырэктарам школы і вырашыў выпрабаваць на Коліку новы мэтад вучыць немаўлятак размаўляць. Недапушчальна, патлумачыў нам тата, недапушчальна й вельмі небясьпечна ўдзёўбваць у галаву немаўля слова «мама». Хіба з гэткім падыходам можна чакаць, што асоба вырасьце свабодная і думаючая? Дзіця павіннае самастойна выбіраць свой стартавы лексыкон! Тата прынёс зь бібліятэкі тоўсты політэхнічны слоўнік і з раніцы да вечара праседжваў ля Колікавай калыскі, чытаючы яму артыкулы па альфабэту. У абедзенны перапынак тату падмяняла мама з Авідыюсам і Вэргіліюсам, а падчас першага й другога сьняданку, раньняе й позьняе вячэры, падвячорка, ланча й перакусаў – падмянялі мы. Пашыраючы татаў мэтад, мы на розныя лады лаяліся Коліку мацюкамі, а калі мацюкі канчаліся – распавядалі па ролях анэкдоты пра пералюбствы.

Але, нягледзячы на нашыя агульныя намаганьні, роўна ў год Колік адкашляўся й выразна прамовіў:

– Мама.

Разгубленыя і зьдзіўленыя, мы запыталіся тату: як жа так? Значыць, усе нашы намогі былі дарэмныя? Але тату немагчыма было зьбіць з панталыку ці прывесьці ў засмучэньне:

– Не, дзеткі, не дарэмныя. Мы выканалі свой абавязак. Цяпер мы ўпэўненыя, што Колік не цярпеў лінгвістычны гвалт і зрабіў свой выбар сьвядома й разумна! Дык ура! Шампанскага!