Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 00F

Пра нараджэньне Толіка

У дзень, калі павінен быў нарадзіцца Валік, мы з самае раніцы ўладкаваліся на лавачцы ў радзільным парку, пад вялікім клёнам. Тата мітусіўся, кідаўся, лётаў туды-сюды на таксоўцы, то па букеты, то па падгузьнікі, а мы бесклапотна пілі сідр і закусвалі рознакаляровымі пампушкамі. Мы ведалі, што будзе хлопчык, і нават імя абралі загадзя, і зараз заставалася толькі гадаць, які ён народзіцца.

– Толькі б ён нарадзіўся прыгожы! – прыгаворваў Хуліё, прыкладаючыся да бутэлькі.

– Ці ня ўсё роўна? – казаў я. Сідр разьмякчаў мой язык, і я быў здольны вымавіць некалькі фразаў запар: – Здольнасьць да мысьленьня нашмат важнейшая. Пустагаловы амапавец, што шугае дэманстрантаў або паэт-аваргардыст – паміж імі прорва. Вось што сапраўды важнае, Хулі.

– Ты ксэнафоб, – уздыхаў Хуліё. – Ты разважаеш прадузята і вузка. Не, не, галоўнае – каб ён нарадзіўся прыгожы! Прыгажосьць – вышэйшая за ўсё! Роўна прыгожымі могуць быць як і плечавень-амапавец у магутным бронежылеце,  у драпежным падскоку, і крохкі дысідэнт з адухоўленым тварам, са сьцягам свабоды. Галоўнае – прыгажосьць. Хіба не?

– Не! – запярэчыў я, але тут дзьверы радзільні расчыніліся, і на ганак зь пераможнымі крыкамі высыпаліся шматлікія лекары. Яны размахвалі рукамі й гукалі: сюды, сюды! хутчэй! радуйцеся! Забыўшыся на ўсё, мы пабеглі да ганка, а адтуль, зь нетраў радзільні, насустрач нам ужо ўзыходзіў надзвычайна горды тата, несучы на руках буйное немаўля. Глядзіце, дзеці, гэта ваш брацік, Толік! Немаўля па-сяброўску пасьміхаўся й падміргваў. А дзе ж Валік? – зьдзівіліся мы. Валіка пакуль няма, – патлумачыў шчасьлівы тата, – пакуль толькі Толік.