Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 00E

Пра нараджэньне Хуліё

Калі мы былі зусім маленькія, пасьля абеду нас з Хуліё захутвалі ды клалі спаць, а мы, вядома, спаць зусім не зьбіраліся. Мы чакалі хвілінак пяць, высоўвалі з-пад коўдраў ногі і пачыналі шаптацца.

– Што ты памятаеш сваё самае раньняе, Ролю?

– Ну... я памятаю, як мама прынесла вішню. А ты?

– А я памятаю, як я нарадзіўся.

– Хлусіш!

– Ня хлушу!

– А чым дакажаш?

– Я памятаю ўсё. Памятаю акушэрку: яна была такая прыгожая! Чорныя валасы, прамыя, як у індыянкі, і зялёныя вочы. Я адразу закахаўся ў яе!

– Ты ня мог закахацца, бо ты ж ледзь нарадзіўся.

– Мог! І яна таксама пакахала мяне. Яна падняла мяне на рукі і мовіла: які мужчына! Які прыгажун! І я хацеў адказаць ёй, што яна цудоўная, як месяц, але голас ня слухаўся мяне – я быў надта маленькі. Я памятаю маршчынкі на ейных вуснах, а калі яна ўсьміхалася, яны разгладжваліся. І яна пацалавала мяне, Ролю!

– Яна не магла цябе пацалаваць, бо гэта негігіенічна.

– Магла! Яна адхінула павязку, і цалавала мяне, і напявала: мой волат, мой рыцар! Каханьне вышэйшае за гігіену, запомні, Ролі. А на ейных шчоках былі ямачкі. І яна казытала мяне, і пакусвала пальчыкі.

– Мама б не дазволіла ёй.

– Мама спала пад наркозам. Мама спала, а мы цалаваліся! Яна насіла кароткі белы халацік, і расшпільвала яго на сьпякоце – а на шыі вісела срэбнае сэрцайка. І яна купала мяне ў купелі, і схілялася да мяне, і валасы падалі, і халацік разыходзіўся, і мы плёскаліся, і ныралі, і плылі. Ах, Ролі, якія ў яе былі ямачкі! Яна ляжала на жываце, а я ляжаў тварам на ямачках і лашчыў ейныя ногі, і кроплі сьцякалі, і засыхаў пясок, і сьпявалі пеначкі. У яе быў такі вытанчаны нос, Ролі, нібы ў герцагіні, з крыху ўзьнятымі ноздрамі й незвычайна тонкі, і вушкі прасьвечвалі на сонцы. Я кожны дзень прыносіў ёй велізарны букет бардовых півоняў, і яна хавалася ў іх тварам, а я падхопліваў яе й нёс на руках у гай, да раўчукоў і жаўрукоў. І ўвесь дзень граў вайсковы аркестар, і ёй так падабалася мая парадная форма... Ролю? Сьпіш?