Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 00C

Пра чорнага дантыста

Пасьля вячэрняе казкі бацькі гасілі лямпу і звычайна адразу ўладкоўваліся спаць, але мы некаторы час чакалі й прыслухоўваліся: іншы раз у поўнай цемры гучала яшчэ адна гісторыя, напаўголасу, зусім ужо беспрасьветная.

– Памятаеш таго дантыста, з клінікі на праспэкце? – пыталася, прыкладам, мама.

– Не. Што за ён? – тата ніколі нікога ня памятаў.

– Нязначна. Слухай: жыў-быў адзін дантыст. І меў ён дзівацтва – больш за ўсё на сьвеце яму падабалася выбачацца ды перапрашацца. Пачыналася з малога. Падыдзе, бывала, да чалавека на вуліцы й кажа: выбачайце, колькі часу? Адказваюць яму, а ён дзякуе ды просіць прабачэньня за турботы. Нібы нічога асаблівага, вось толькі вочы нейкія падазрона чорныя. Ці, скажам, ідзе перад чалавекам па ходніку, а потым раптам спыніцца, у бок адскочыць і прапускае яго наперад, са шчырымі шкадаваньнямі і паклонамі. Ці ў трамваі – усім запар месца саступае, рукі да сэрца прыціскае, а ў самога сьлёзы пакутныя на вачах. Дзівак, думалі людзі, крыху на ветлівасьці зглузьдзіў, і ўсьміхаліся яму, і ахвотна выбачалі за ўсе, а часам і самі сустрэчна перапрашалі. Але, як высьветлілася, не задавальнялі яго гэткія простыя прабачэньні. Людзі дасьведчаныя прадказвалі, што дабром дантыст ня скончыць. І сапраўды, неўзабаве зьдзейсьніў ён пачварны выбрык: вырваў кліенту тры лішнія зуба, а потым паваліўся на калені, ногі абняў і давай сьлязьмі паліваць. Жудасны быў скандал! З таго часу баяліся да яго людзі па зубы зьвяртацца, і наогул усяляк пазьбягалі. Як убачаць, дык на другі бок пераходзяць. Пачаў тады дантыст з-за рога выскокваць. Выскачыць, харкне на калашыну – і ну зьняважана каяцца! Ці жуйку мог у валасы ўляпіць, ці гуашшу абліць, ці спадніцу задраць. Доўга яго людзі трывалі, але калі ён немаўлятку з возіка за ногі выхапіў, каб потым перад матуляй папрасіць прабачэньня, ня вытрывалі: скруцілі, клікнулі санітараў і пасадзілі ў вар’ятню нумар чатыры. І даравалі, бо хворы чалавек, шалёны. У вар’ятні дантыст быццам бы заціх, выправіўся, і ў шпіталёвую царкву панадзіўся хадзіць, у Ісуса прабачэньне вымольваць. Тамтэйшы бацюшка яго не любіў, але прычапіцца не было да чаго – моліцца чалавек і моліцца. А праз год, калі пастанавілі санітары адпусьціць дантыста дадому, бацюшка іх папярэдзіў: страшны гэта чалавек. Чаму, бацюшка? – пытаюцца санітары. Таму, мілыя, што ён у мяне пра Ісуса выпытваў – ці праўда, што Той усім даруе. Дык што ж тут дрэннага, бацюшка? А тое, што ня хоча ён, каб Ісус яму дараваў. Псых ён, бацюшка, не бярыце да галавы, мы яго абкалолі да поўнае бясшкоднасьці. І адпусьцілі санітары дантыста дадому. Месяц прайшоў, другі прайшоў, усё ціха. Але аднаго разу ўвечары раптам званок у пажарнікаў – галосіць хлопчык ды з жаху задыхаецца: дзядзечкі, чарната вакол распаўзаецца! Ратуйце! Сусед наш, пачвара дантыстая, чорныя малітвы на ўвесь голас чытае! Клікнулі пажарнікі санітараў і разам да дантыстава дому памчаліся. І бачаць: зь дзьвярэй ды з вокнаў дантыставых выцякае чарната й круціцца, да неба падымаецца, сьвятло сонечнае засьціць. Зразумелі тады санітары, што задумаў дантысты невыбачальнае злачынства супраць роду чалавечага зьдзейсьніць! Выбілі яны з пажарнікамі дзьверы, уварваліся, а дантыст сядзіць на падлозе сярод чорных сьвечкаў і гойдаецца, інфэрнум заклікае. Пачалі тады санітары з пажарнікамі ў яго срэбранымі кулямі страляць, падзіравілі нібы дуршляг, ды ўсё дарма. Выцякла зь цела дантыстава ягоная чорная кроў, чорным туманам выпарылася і чорнай ноччу зямлю ахутала. Заплакалі тады санітары, заплакалі пажарнікі, заплакаў бацюшка, і пачалі ўсе разам у Ісуса прабачэньне прасіць. І было ім прабачэньне падаравана, але толькі палавіннае. З тае пары скараціўся дзень, і зьявілася ноч, і пачалі яны зьмяняцца кожныя суткі. А калі ў цемры прыслухацца, дык можна пачуць, як чорны дантыст бясконца перад усімі просіць прабачэньня.

– А калі ўзяць, дый дараваць яму? – прапанаваў тата. – Чаму б і не? Урэшце, асабіста мне ноч нават падабаецца.

– Што ты! Ня ўздумай! Хочаш яго яшчэ больш раздражніць?