Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 00B

Пра сіняга дантыста

Даўным-даўно, калі мы былі маленькія, летнія вакацыі доўжыліся ня тры месяцы, як у цяперашніх шкаляроў, а цэлых шэсьць. А ў пераступным годзе дык і ўсе сем. А часам і на восьмы месяц можна было прыйсьці і ўбачыць на школцы замок. Не кажу ўжо пра тое, што ў нулявы месяц таксама ніхто не вучыўся, бо дырэктар езьдзіў кудысь далёка на курсы павышэньня кваліфікацыі. Мы з брацікамі ўсё лета сядзелі дома й глядзелі сэрыялы, ужо з гукам, але яшчэ чорна-белыя, і ўсе спрэс бесьсюжэтна-павучальныя. Таму мы ня вельмі любілі тэлевізар і амаль яго не ўмыкалі, дні й нядзелі запар забаўляючы адзін аднаго шарадамі й фантамі. Зрэшты, сядзець дома нам ня надта падабалася, і мы з раніцы да ночы зьнікалі ці то на возеры, ці то ў лесе, ці то на закінутай фабрыцы зубное пасты. А ўвечары, наеўшыся перад існом хлебу з сочывам, мы высоўваліся ў вакно, у цемру і шчокат конікаў, і прыслухоўваліся да размоваў мамы з татам, якія пілі віно на тэрасе першага паверху. Звычайна яны марудна абмяркоўвалі гаспадарчыя пляны на заўтра, часам перарываючыся на матылькоў, што зьляцеліся да лямпы, а потым пачыналі расказваць адно аднаму незразумелыя й злавесныя дарослыя казкі.

– Жыў-быў адзін чалавек, – пачынаў, прыкладам, тата. – Можа нават памятаеш – дантыст з дваццатага дому?

– А як жа, памятаю, – мама заўсёды ўсіх памятала. – І што ён?

– Кажуць людзі, што жыў-быў той дантыст, жыў-быў, і вось аднойчы ўвосені зьявіліся ў яго пад вачыма сіняватыя кругі. Ён спачатку падумаў быў – гэта празь недасып, і пачаў больш спаць, сьпярша па дзевяць гадзінаў, потым па дзесяць, а потым і да самага абеду. Але кругі не праходзілі, і нават патроху павялічваліся. Засмуціўся дантыст, пайшоў да лекара, і лекар загадаў яму кінуць піць – пячонка маўляў у вас. Кінуў дантыст піць, а заадно й курыць – бо таксама шкодна – і стаў чакаць. Але кругі не праходзілі, а толькі сінелі патроху. Зажурыўся дантыст і пайшоў да другога лекара, і той загадаў яму есьці кальцыюм ды фосфар – селязёнка маўляў у вас. Пачаў дантыст есьці кальцый, фосфар, а заадно і ёд, бо таксама карысна. Месяц еў, два еў, але і гэта не дапамагло – кругі толькі горай акругляліся. Замаркоціўся дантыст – ды й замазаў кругі тонавым крэмам. Паглядзеў у люстэрка ды ўздыхнуў з палёгкай. Але на жаль... з кожным днём усё больш і больш крэму патрабавалася, сінь ужо на шчокі распаўсюдзілася, хоць і трохі зьбялела. Раззлаваўся дантыст. І што мне да гэтых кругоў, думае. Пляваць на іх! Навошта хвалявацца пра тое, на што ня можаш паўплываць? Перавярнуў ён у хаце ўсе люстэркі да сьцяны – і зажыў прыпяваючы. Але й гэтага хітрыка ненадоўга хапіла. Прачынаецца ён аднойчы ўраніцу і бачыць: зрабілася ягоная коўдра блакітная, а засынаў ён быццам бы пад белай, хоць дакладна ня памятаў. Глупства, кажа сабе дантыст, калі дакладна ня памятаю, значыцца глупства гэта ўсё, значыцца яна сіняя і была. Але на наступную раніцу сьцены ў хаце таксама сіняватыя зрабіліся! Падбег дантыст да люстэрка, пераварочвае, і ах – ён увесь сіні, як гуманоід зь іншае плянэты! Не, не, гэта нейкая трызна, крычыць сабе дантыст, гэта нэрвы, мне трэба супакоіцца і разьвеяцца. Увамкнуў тэлевізар, а ў тэлевізары шоу: навукоўцы выявілі ў космасе сіняе гравітацыйнае зрушэньне! А гледачы ўсьміхаюцца ды навукоўцам пляскаюць, наіўныя. Кінуўся дантыст да вакна, паветра сьвежага глынуць – а там ужо й неба спрэс блакітнае!

– Жах які! – сказала мама.

– Страціў тады дантыст прытомнасьць, паваліўся, а калі ачуўся – патэлефанаваў у вар’ятню нумар тры і здаўся добраахвотна. З тае пары яго й ня бачылі.

– Які самаадданы чалавек!

– Так, сапраўдны альтруіст! Уяві, што было б, ня здолей ён сябе спыніць...