Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 00a

У зялёнага дантыста

Пасьля ўцёкаў я быў вымушаны хавацца, і на некаторы час мяне прытуліў у сваёй хаце адзін зычлівы дантыст. Ён вызначыў мне маленькі пакоік з высокім ложкам, матрасам на спружынах, камодкай і зялёным таршэрам. У тыя дні я нічога ня мог рабіць, толькі ляжаў і ляжаў. Капа на ложку была мяккая, у зялёны рубчык, і пахла пылам. Уткнуўшы ў яе нос, я разглядаў рубчыкі. Часам, сабраўшыся зь сіламі, адгарнаў край і глядзеў на гладкі выварат. Як жа так, думаў я, з аднаго боку рубчыкі, а з другога няма. Я нічога ня мог рабіць, толькі варушыў пальцамі на нагах, паціраючы іх адзін аб адзін, і скура ледзь-ледзь парыпвала. За адчыненым акном зелянелі бярозы, шумелі машыны, а я стагнаў зь нязмогі. Увечары прыходзіў дантыст, прысаджваўся на матрас і карміў мяне булкай з сырам, а потым частаваў гідкім півам Тубарг грын. Дантыст не пераапранаўся пасьля працы й хадзіў па хаце ў сьветла-зялёным халаце, усьміхаючыся й зазіраючы мне ў рот. У яго самога зубы расьлі дробныя, круглявыя, на адлегласьці адзін ад аднаго. Я не сумняваўся, што ён перапоўнены усялякімі паскудзтвамі, але хаваў непрыязнасьць, і толькі аднаго разу, пад канец, спытаў, чаму ён так любіць зялёны колер. Нават нісан твой зялёны. Дантыст адказаў, што зялёны супакойвае. Значыць, ты адчуваеш патрэбу ў заспакаеньні? Цябе нешта трывожыць? Не-не-не, засьмяяўся ён, проста я па прыродзе сваёй спакойны чалавек, і люблю ўсе спакойнае. Дык можа, спытаў я, ты таксама ў партыю зялёных пойдзеш? Чаму б і не, адказаў ён, што ў гэтым дрэннага? Мне няма чаго было сказаць, і я моўчкі глядзеў у столь. Я нічога ня мог рабіць, сілаў не хапала нават на агіду да гэтае падлы. Калі я крыху ўзмацнеў, дык адразу сышоў, пакінуўшы на камодцы грошы, значна больш, чым было прыстойна. Мне хацелася, каб ён адчуў маю пагарду. З тае пары мы ніколі не сустракаліся, і што зь ім сталася, я ня ведаю.