Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 009

Пра заканчэньне ўсяго

Усё рана ці позна канчаецца – гэта ведаюць нават малыя дзеці, і я таксама ведаў. Але паніка завалодала ўсёй маёю істотай, і я ня мог анічога ведаць. Паўдня я хаваўся ля ўваходу ў гасьцёўню, у цені вешалкі, выціскаючы дрыготкім пазногцем лагчынку на шпалеры. І, абраўшы момант, сьлізгануў у дзьверы.

– Мамухна, – піскнуў я, – татухна! Не адсылайце мяне туды!

Яны пакрывіліся – я парушыў іхную паабедзеную самоту. Але мне трэба было застаць іх разам, умаліць іх разам.

– Мо годзе ўжо, Ролю? Мы з году ў год адкладаем адсыланьне, – хвалюючыся, яна падліла сабе яшчэ марціні, даўгія кіпці стукнулі аб шкло. На ножцы келіху дрыжалі складаныя блікі.

– Пакіньце мяне побач з вамі, мамухна!

– Побач з намі ты застанесься дамарослым, – стрымана сказаў тата. Глыбока пагрузіўшыся ў фатэль, ён калыхаў нагою ў лакавым туфлі і гуляўся з абцужкамі.

– Пакіньце мяне побач з вамі, татухна!

Яны пазіралі на мяне халодна і няўхвальна. Я падбег да татулі, цалаваць яму рукі, але да яго было не падступіцца праз локці, калені, туфлі, і я павярнуўся да матулі. Яна, адгадаўшы мой намер, падняла рукі высока. Я паваліўся й загаласіў, горка, з падвывам. Мамчына чорная сукенка няўмольна хістанулася, яна пацягнула ланцужок званка. Адвядзіце яго. Зьбірайце яму куфар.