Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 008

Пра дзядулю

– Мамухна, – пыталіся мы, калі былі маленькія, – дзе-тка нашыя дзядулі і бабулі?

– Ох, коцікі мае, – адказвала мама, калі была ў гуморы, – ох, маленькія. Падаўней багата было ў вас і дзядуляў, і бабуляў, і ўсе такія гожыя, такія харошыя. А сама добры быў дзядуля Грыгор, быў ён волатава росту, як у казцы, і вельмі шмат дабра дзейсьніў, сапраўдныя подзьвігі. Часы ж тады былі лютыя, галодныя, ежы не было зусім, толькі лясы дрымучыя. Моцна галадаў дзядуля Грыгор і вагу губляў з кожным днём, і добрых спраў рабіць ня мог. І рассудзіў тады другі дзядуля, Георг – а быў ён звычайнага росту – што дзеля дабра мусіць ён сваё цела аддаць дзядулі Грыгору, каб той ня згінуў. Зьеў дзядуля Грыгор дзядулю Георга і сілаў набраўся, і яшчэ больш вырас, вышэй лесу, і столькі дабра зьдзейсьніў, што птушкі засьпявалі і кветкі зацьвілі. Зьдзейсьніў – і зноў прагаладаўся, і думае: ці ня зьесьці мне адну бабулю? Шкада яму бабулю, але дабро ж больш патрэбнае, і зьеў. І паперла дзядулю Грыгора, і вырас ён высока-высока, да самага неба, і пачаў чыніць яшчэ больш дабра, усім народам на радасьць і суцяшэньне, а сонейка ў небе сьмяялася і сьвяціла ласкава. А як зьеў дзядуля Грыгоры другую бабулю, зрабіўся ён такі велізарны, што яго нават і не відаць стала, бо ўжо завельмі вялікі, і творыць ён з таго часу дабро небывалае, неабсяжнае, дапамагае самім архангелам.

– А нас ён ня зьесьць?

– Ня бойцеся, любыя, у яго цяпер кожны зуб як галяктыка, а кожны жавок як тысяча гадоў – таму хай есьць, вы нічога не заўважыце.

А калі мама была не ў гуморы і нічога не адказвала, нам усё роўна бачыліся ў нябёсах неверагодна велізарныя дзедавы зубы, і мы намагаліся рабіць усе справы хутчэй, хутчэй, каб пасьпець.