Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 005

Пра Ролянда

Калі тата прыйшоў у радзільню, з букетам чырвоных гербэраў, шакалядкай і ролтанам, яго адразу на парозе паведамілі, што парадзісе ўсе забараняецца – каб пазьбегнуць небясьпечных аляргіяў. Прыйшлося аддаць мэдсястрыцы. Але мала таго – мама аб’явіла, што хоча назваць мяне Лоэнгрын. Дакладней, пакуль што яшчэ не аб’явіла, а пралепятала – Лоэнгрын!.. Паклаўшы сваю лёгкую далоньку на ягоную смуглую далоню. Тата запрацівіўся – у пасьляваенны час нямецкія імёны былі, мякка кажучы, нямодныя. Тады мама ўжо аб’явіла:

– Так! Лоэнгрын. Ці Тангейзэр! Ці, на благі канец, Парсыфаль. І маўчы. І чуць ані пра што іншае не хачу.

– Дык ты толькі ўяві, родная, як гэта гучыць – Лоэнгрын Сяргеевіч! – пачаў быў выкручвацца тата. – Недарэчна ж! Давай мо Леанідам? Леанід – амаль што Лоэнгрын, але бяз гэтага ганебнага вагнэрыянства.

Мама расплакалася і сказала, што рыцарства й рамантыка чужыя тату, што тата – сухар і цынік. Але тата паказаў цьвёрдасьць, абцягнуў гімнасьцёрку:

– Не бываць гэтаму! Каб у мяне, у франтавіка, першынец з гэткім імём? – ляснуў кулаком па камоду. – Ня дзеля таго я ў акопах прухнуў, ня дзеля таго кроў праліваў, каб сына майго фашыстам дражнілі!

– Ты!.. Ты... чэрствы чалавек! Ты... пачвара! І нават кветак ня здолеў прынесьці!

А мэдсястрыца, так як тут, прапанавала кампраміс: назваць немаўлятку Ролянд. Гучна, адважна, але па-француску. Глядзіце, якія ў яго шчочкі – сапраўдны Нястрымны Ролянд! А пакуль малы, можна клікаць Ролю. Мама зазьзяла: дзякую, мілая сястрычка! Ролянд – гэта яшчэ лепей чымся Лоэнгрын! Так, хані? І паглядала на тату ласкава, прасьветленымі вачыма. А ў таты нат сьлёзы набраклі – якое добрае імя! Французы – яны ж саюзьнікі. І наогул ён усё францускае любіў. Рэмбо, Рэнуар, Рамэн Ролян.

Мне запомнілася, як шчасьлівы тата нёс мяне дадому, казытаў вусамі, як паказваў мне мой пакоік, і як у той жа дзень падараваў ножык – маленькі, але сапраўдны вайсковы, з пахам сталі.