Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 006

Пра фармаваньне асобы

Па раніцах, калі сонейка ўжо падымалася, пад нашымі вокнамі раздаваліся крыкі гандляроў і рамесьнікаў. Малако! Малако! Масла! Запраўка нажоў і нажніцаў! Агуркі! Агуркі! Хамуты й вупраж! Боты! Боты! Старыя тэлефоны! І чаго толькі яшчэ не прапаноўвалі, калі бадзёрымі галасамі, калі заспанымі. Матэматыка! Італьянская літаратура! Псыхалёгія! Псыхалёгія! Аднойчы тата з нудоты выйшаў на ганак і паклікаў гэткага: гэй ты, хадзі сюды.

– Чаго загадаеце, вяльможны пан? – псыхоляг быў мужык гадоў сарака, чорны, з вострымі вочкамі.

– Ты што гэта, га? – тата пазяхнуў.

– Дык вось, прапаную.

Папа сказаў паднесьці яму. Пакланіўшыся, псыхоляг выпіў і выцер рот.

– Вось, прыкладам, дзетак выхаваньню спрыяем, – заўважыў ён у мой бок. – Ці не жадаеце?

– Але.

– Мэтодыкі сучасныя, карысныя, вельмі разнастайныя. Ці чулі, прыкладам, пра кіраванае камплексаваньне?

– Але.

– Фармуючы асобу накіраванымі, стала быць, штурхамі стрэсаў, спараджаюць прадказальныя комплексы. Як спадчыньніка вашага плянуеце, значыцца, адукаваць?

Тата пачухаў брыво, пажаваў нетаропка, дый кажа: кантэкставая рэкляма. Можа, тата пакпіць надумаў над псыхолягам, а можа й не, аднак жа той быў ня дурань. Узяў ён аловак, узяў аркушык, дый накрэмзаў тату плян на месяц:

а) Абуджаць пасярод ночы крыкамі «кроў! кроў!»

б) Пераканаць, што малако піць сорамна.

в) Палохаць, што п'яўкі запаўзуць у пісюн.

г) Прымусіць насіць футравыя панталёны.

І зачытаў шэптам, каб я ня чуў. Праслухаўшы плян, тата паморшчыўся і зрабіў псыхолягу гэтак ручкай – гуляй дзей. Дайце яму, колькі ён там бярэ. Псыхоляг, адступаючы задком і дзякуючы, выправіўся сваёй дарогай, а тата цэлы дзень хадзіў задуменны ды ўсё пазіраў на мяне.