Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 002

Як мяне аддалі на вучэньне

Калі мне споўнілася чатыры гады, мама з татам задумаліся, куды мяне аддаць. Тата схадзіў на станцыю, прынёс газэту з аб'явамі. Яны сядзелі ўсутыч на ўслончыку ля брамы і ўчытваліся – мама ў паркалёвым сарафане, тата ў кавэркотавым каптане, зусім маладыя. Тычыліся каленямі. Я езьдзіў побач на трохколавым ровары з понажамі, у маленечкіх сандалях. Рыпелі палавіны, падварочваліся палавікі. Мама з татам пілі чай з самавара, упрыкуску. Сахарочак салодкі-салодкі, каменны. Не кусай, а смакчы.

– Глядзі, якія вочкі блакітныя! Можа ў сувораўскае?

– Ну не! Раджала-раджала, а потым на вайне заб'юць!

Аб'яваў шмат, і ўсе каляровыя: аддайце вашых дзетак у рамеснае на фрэзэроўку, у манастыр на іканапіс, у хор на сьпевы, у інстытут на геадэзію, у піянэрлягер на лета.

– Глядзі, у рэклямныя боты бяруць! Га?

– Рэкляма – справа добрая.

У суботу апоўдні прыйшоў рэклямар-залучальнік – чалавек сур'ёзны, упэўнены, у чырвонай кашулі і скураным картузе, крыху цыганаваты.

– Вось гэтага? Дарослы малец! Самы час да працы прыахвочваць. Хадзітка сюды, – ён працягнуў мне цукерку ў залатым фанціку.

– Ці доўга навучаеце? Ці дорага бераце? – пытаўся тата.

– Вучыцца будзе да чатырнаццаці гадоў. Потым на вольныя выпускаем. Штогод бярэм мяшок пшаніцы, тры курачкі дый рубель срэбрам. Нядорага гэта, зямляк. Ці дровамі, калі хочаш.

– А ці праўду кажуць, што цела ягонае зямное вы сабе забіраеце? – мама нэрвова мяла фартух.

– Што вы, матухна! Забабоны старой жоны. Мы дзетак віртуалізуем, сумленна й навукова, усё як мае быць. Бот – прафэсія станавітая.

– Ці мажліва? Ані ручак, ані ножак у сыночка!

– Дык на што яны? Ручкі з ножкамі паламаць нядоўга. Вось, калі ласка, паглядзіце, – і ён адцягнуў каўнер, дэманструючы жахлівую блізну. – Збойцы напалі! Ледзь жывы застаўся. А калі ты бот, дык заўсёды ў поўнай бясьпецы. Хадзі сабе ды паплёўвай. Праўду кажу!

Яны з татам закурылі, а я, сьціскаючы ў кішэні фанцік, наблізіўся й крадком крануў дзядзьку за чырвоны рукаў.

– На сёньня дык гэта самае бойкае рамяство, ужо паверце. Лепей ня знойдзеце! Як сыр у масьле катацца будзе, – і ён далікатна выпусьціў тытунёвы струмень уніз, паміж каленяў.

– Дык ты яго наўпрост зараз забярэш?

– Куды мне яго зараз! Мне яшчэ ў сто месцаў трэба. У канцы жніўня прывозьце.