Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 003

Пра тату

У жніўні таце прыйшла позва, і ён прыбыў на раённы ваенкамат, з тугім вузельчыкам за плячом.

Крывы й хмурны маёр з врунгелеўскім шнарам на шчацэ агледзеў яго у ўвесь фрунт, прызнаў прыдатным да страявой і спытаў строга:

– Дык ты з інтэлігентаў, ці як?

– Ніяк не, таварыш маёр!

– Хлусіш. На мысе напісана. Нукася пакажы, што ў вузельчыку.

Што было рабіць? Паказаў: тамок Рыльке, дысок Шнітке, альбом Айвазоўскага.

– Ат ты, кулацкі сынок. У гарбат яго!

Потым тата ніколі не распавядаў, што такое гарбат. Было зразумела, што гэта батальён – але які? Ці то гарадзкі, ці то горны, ці то гарбаты, ці то чайны? Замест адказу на пытаньні тата ўставаў з фатэля, выпінаў грудзі, супіў бровы і маршыраваў на месцы, аддаючы чэсьць кудысьці ўлева ўверх; потым паступова зьдзімаўся, добрыўся і пачынаў успамінаць, як ён сустрэў маму.