Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 001

Уцёкі

Я ўцякаў імкліва, нястрымна – зайцам праз капусныя гароды, белай падпалухай над тынам, дзікім кабаном па канавах.

Яны – цяжкімі чобатамі за сьпіной. Саплі таўстымі насамі, зрэдку ўзрыквалі:

– Стой, Ролю! Стой, падлюга! Трымай яго. Стой, кандом! Мярзотнік.

Цераз скрыжаваньні на чырвоны, вужакай паміж грузавікамі й газэлямі, лёгкай віхурай па водаканалах.

– Сыдзе, паскуда. Стой, каму кажу! Стой, нягоднік.

Піх! Пах! Пістоны. Падціскаю вушы, ныраю ў пад'езд, у чорны ход, у калідор, хаваюся ля ваконных кратаў.

Рассыпаліся па дварох. Адзін пасунуўся сюды: гулкія абцасы на лесьвіцы, рып дзьвярэй – азызлы бляндын зь вечна тлустымі валасамі.

– Выходзь па-добраму! Выходзь, горай будзе. Гэй, Ролю?

Я – ціхутка, на падаконьніку, нябачны воку боцік-уцякач. Глядзіць праз маю галаву ўніз, на мінакоў.