Піліп Ліпень. Апавяданьні

У сквэры ля Лядовага палаца

«Добры дзень! Што вы бачыце на экране? Незразумела, праўда? А на самай справе гэта – сквэр ля Лядовага палаца, заліты гарачым сонцам. Няпроста яго пазнаць з такога ракурсу! І ўсё дзякуючы творчаму экспэрымэнту нашага апэратара Ўладзіміра. Валодзя, павярні зараз нармальна. Мы накіроўваемся да пятае лаўцы праваруч цэнтральнага ўваходу, дзе дамовіліся аб інтэрвію зь незвычайнай маладой жанчынай, якая перасягнула ў дабрадзейнасьці многіх – так яна сама сябе характарызуе. Здаецца, я яе ўжо бачу! Доўгавалосая, з шырокай сьпіной і... і... зараз убачым... у шортах і з прыгожым поліэтыленавым пакетам. Добры дзень! Вы Марына?»

«Так».

«Выдатна. Валодзя, як нам лепш сесьці? Бліжэй? Крыху бачком? Марына, прашу вас. Галоўку зьлёгку вось так. Хочаце яблык? Ён мыты, вельмі смачны. Дазвольце. О, не-не, ня дзякуйце. Валодзя?.. Што ж, калі ўсе гатовыя, дык – матор і камэра! Марына, для пачатку раскажыце трохі пра сябе, каб нашыя гледачы ўвайшлі ў курс справы або, кажучы сучасна, у дыскурс. Чым вы займаецеся? Хто вы па прафэсыі?»

«Па прафэсыі я плыўчыха, але пасьля траўмы сышла са спорту і цяпер гандлюю ў розьніцу вырабамі з воўны ламы і альпакі. Гэтая воўна вельмі цёплая, але не загарачая, прыемная навобмацак і мае яшчэ шмат карысных уласьцівасьцяў. У наяўнасьці шырокі асартымэнт верхняе вопраткі, хатняга абутку, коўдраў і дэкаратыўных тавараў. У мяне з сабой сёе-тое ёсьць, дазвольце, я пакажу».

«Марына, пачакайце, давайце пра гэта пад канец нашае сустрэчы. Я потым папрашу вас прадыктаваць адрас альбо тэлефон, каб мы і нашыя гледачы змаглі не чакаючы халадоў набыць ваўняныя вырабы, а зараз пагаворым яшчэ пра вашае жыцьцё. Як вы бавіце вольны час? Чым захапляецеся?»

«Вольнага часу ў мяне ня шмат, але калі выпадае хвілінка ці паўгадзіны, я люблю слухаць музычныя радыёперадачы».

«Выдатна! Музыка – гэта вялікае мастацтва, якое патанчае душу. Якія напрамкі альбо выканаўцы вам бліжэйшыя?»

«Розныя, нават ня ведаю».

«Добра, а што-небудзь акрамя музыкі?»

«Часам гляджу кіно».

«Нішто не параўнаецца з кіно па моцу ўзьдзеяньня на чалавека! Якія стужкі вам спадабаліся за апошні час?»

«Спадабаліся адна або дзьве, але назваў я ня памятаю».

«Іншы раз іх цяжка запомніць, так. Марына, ці дазволіце задаць некалькі прыватных пытаньняў? Вы замужам?»

«Не».

«І ніколі ня былі?»

«Не».

«Але хацелі б?»

«Магчыма».

«Якія якасьці абавязкова меў бы ваш выбраньнік?»

«...»

«Бачу, вы яшчэ ня думалі пра гэта. Такім чынам, пяройдзем да галоўнае тэмы. Як я ўжо казаў нашым дарагім гледачам, вы – жанчына, якая перасягнула ў дабрадзейнасьці многіх. Марына, пра якую менавіта дабрадзейнасьць ідзе гаворка?»

«Гаворка ідзе пра дабрадзейнасьць увогуле. Як кажуць: дабрадзейны чалавек, дабрадзейная жыцьцё».

«Разумею! Тады спытаю інакш: якім чынам вам удалося перасягнуць ў дабрадзейнасьці многіх?»

«Паступова».

«Прадуманы адказ! І каго ж вы перасягнулі?»

«Блізкіх».

«Усё!! Марына, я стаміўся ад вас! Чаму вы ўхіляецеся ад размовы? Чаму я павінен ламаць галаву над наваднымі пытаньнямі? Вы думаеце, мне падабаецца выцягваць з вас кожнае слова абцугамі? Мне што, аднаму гэтае інтэрвію патрэбнае? Ня хочаце – так і скажыце. Валодзя, выключай».

«Пачакайце! Проста вы мяне блытаеце. Я лепш раскажу ўсё сама, добра? Я яшчэ загадзя прыдумала, у якім парадку трэба распавядаць, каб адно вынікала зь іншага і было зразумелае бязь лішніх тлумачэньняў. Слухайце. Сям’я мая ня вельмі вялікая: матачка, цётачка ды бабуля, іхняя адзіная маці. З маленства яны аднадушна выхоўвалі мяне ў любові да дабрачыннасьці і штодня давалі мне прыклад сваімі ўласнымі думкамі й учынкамі. Няма нічога больш карыснага для душы і для чалавецтва, казалі яны, чым раздаць і растраціць сябе дзеля іншых. Матачка мая, Лізавета Аляксееўна Бруевіч, народжаная Таўстаногава, раздавала і растрачвала сябе цялесна, не адмаўляючы ў блізкасьці аніводнаму мужчыне. А была яна ў вышэйшай ступені станістая і прыгожая тварам, і мужчыны цягнуліся чародамі. Калі матачку папракалі ў патураньні нізінам, яна адказвала, што плоць тут толькі на паверхні; глыбінны ж вынік ейных штодзённых зьліцьцяў у тым, што аблашчаныя мужчыны адчуваюць на сабе ўпадабаньне сьветабудовы, кідаюць азлобленасьць ды абурэньне на быцьцё і накіроўваюць памкненьні да дабра і праўды. Выдатна, вы згодныя? Мабыць, я ўсё ж такі пакаштую ваш яблык».

«Так-так, Марына, вы зьдзівіцеся, які ён сакавіты! Мы з Валодзем ужо цэлы мех зьелі».

«Далей. Цётачка мая, Кацярына Антонаўна Брылевіч, народжаная Даўганосава, разумела дабрадзейнасьць крыху інакш, ніж мая матуля. Для яе першае месца займалі чыста духоўныя зьявы, і дзеі маёй матачкі яна разглядала толькі як падрыхтоўчы этап. Аблашчаных ёю мужчынаў яна сустракала ў сумежнай спачывальні і дарыла ім сапраўднае каханьне: уступала ў гутарку і трапятка выслухоўвала, захапляючыся кожным словам і зачароўваючыся кожным фактам. Калі цётачку папракалі ў недарэчнасьці, яна адказвала, што сапраўднае каханьне якраз і заключаецца менавіта ў такога роду лаяльнасьцях; сэнс жа ейных практык у тым, што ад захапленьняў і зачараваньняў кожны мужчына адчувае вернасьць свайго шляху, і нават калі на самай справе шлях зьяўляецца памылковым, гэтае пачуцьцё найлепшым і найхутчэйшым чынам выкараніць памылкі, выправіць шлях і выведзе да сьвятла. Выдатна, праўда? У дзяцінстве мяне аднолькава ўзрушвалі як матачкіна дабрадзейнасьць, так і цётачкіна, аднак бабуліна перабольшвала іх абедзьве сваімі дасканаласьцю і прастатой. Бабуля мая, Анастасія Еўдакімаўна Чахоўская, народжаная Гутэн-Гэмахт, шанавала за вышэйшую карысьць, даступную чалавеку для спаўненьня, бездакорнасьць ягонага бытаваньня. Пакуль мужчыны цешыліся пышным целам Лізаветы Аляксееўны ды трапяткой душою Кацярыны Антонаўны, Анастасія Еўдакімаўна чысьціла ім нагавіцы, прасавала кашулі, ваксіла боты й цыравала шкарпэткі. Быцьцё ёсьць побытам, – адказвала бабуля, калі яе папракалі ў прыземленасьці, – калі б кожны жыў у чысьціні й спарадкаванасьці, энтрапія была б пераможаная, сусьвету больш не пагражала б зьвяржэньне ў хаос, і наступіў бы рай. Бліскуча, вы не знаходзіце? Яблык і на сапраўды смачны».

«Я вельмі рады, што вы ацанілі! Паверце, я б ніколі не прапанаваў вам кіслы альбо чарвівы. Але прашу вас, працягвайце!»

«Як жа можна перасягнуць гэтых жанчын у дабрадзейнасьці? – спытае глядач. І мне таксама раней здавалася гэта недасяжным, і доўгія гады я не вырашалася нават паспрабаваць. Але з узростам я адчула ў сабе дастаткова ўнутраных сілаў і прыступілася да перасягненьня. Я адшукала ўсіх мужчынаў, якія ведалі маю матачку – тых, хто яшчэ не памёр, зразумела – і цяпер наведваю іх па сьпісу, па трое-чацьвёра ў дзень пасьля працы. Спачатку я выконваю ўсе іхныя плоцкія жаданьні – а дзядкі на іх ахвочыя, як ні дзіўна; потым задавальняю духоўныя запыты – а гэта ня так проста, бо аповеды іхныя цяпер утрая даўжэйшыя, і пакланеньня трэба ўтрая больш; і напрыканцы папросту прыслугоўваю: гатую ежу, пяру, мыю падлогу, выбіваю дываны, выгульваю сабакаў, раблю масаж жонкам і ўрокі ўнукам. Бывае, мне заўважаюць, што я зусім не перасягнула матачку, цётачку і бабулю, а толькі бледна паўтарыла – але я не спрачаюся і згаджаюся, такім чынам яшчэ больш зьміраюся й перасягаю. Бачыце цяпер, чаму ў мяне мала вольнага часу? Але ўсё-ткі, калі выпадае хвілінка альбо паўгадзіны, я, акрамя слуханьня музычных радыёперадач, стараюся сысьціся з новымі людзьмі – бо дзядкоў паціху робіцца ўсё менш, а дабрадзейнасьць не павiнная саслабнуць... Дзякуй за яблык, я пайду выкіну агрызак у скрыню й зараз вярнуся, толькі не сыходзьце».

«Марына, я зачараваны! Мы чакаем вас!

Цсс, Володенька... Ціха... Ціхенька... Хай яшчэ адыйдзе... А зараз хапай пакет! І пабеглі! Хутчэй, хутчэй, мілы! Бяжым, бяжым! Ускоквай! Завадзі! Ай да малайчына, зручна прыпаркаваўся! Выкіроўвай, выкіроўвай! Так, паглядзім, што тут у нас ваўнянае... Нейкая камізэлька... Зрэшты, потым паглядзім. Гані, Валодзенька! Гані на ўсю моц! А ёй гэта хай будзе навукай. Бач, як галаву затлуміла. Падумаць толькі, якая лухта!»

2015 г.