Піліп Ліпень. Апавяданьні

На складзе гатовай прадукцыі «Лінолеюм Топ»

«Прывітаньне! Выдатны зімовы дзень, праўда? З маленства люблю сонца і гурбы! А ты, Валодзя? Сёньня мы з апэратарам Уладзімірам скарысталіся рэклямнай улёткай, знойдзенай у паштовай скрыні рэдакцыі, і зараз пабываем на складзе гатовай прадукцыі кампаніі "Лінолеюм Топ". Наведвальнікам тут радыя: на ўваходзе няма ані камэраў нагляданьня, ані назойлівае аховы, белыя плястыкавыя дзьверы гасьцінна паддаюцца й прапускаюць нас у сьветлы калідор, азораны лямпамі дзённага сьвятла. А вось і сакратар! Вітаем вас! Усьмешлівая дзяўчына ў накрухмаленай кашулі вядзе нас праз прыёмную наўпрост да аздобленага сінім аксамітам дырэктарскага кабінэта. А вось і дырэктар!»

«Прывітаньне! Выдатны зімовы дзень, праўда? Мяне завуць Яўген Яўгенавіч, я зьяўляюся заснавальнікам і генэральным дырэктарам кампаніі "Лінолеюм Топ". Бачу, што вы журналістыя, але, прызнаюся, пакуль ня маю дастатковага вопыту зносінаў з прэсай. Вы будзеце пытацца, а я – адказваць, ці мне расказаць усё самому?»

«Прашу вас, Яўген Яўгенавіч, раскажыце спачатку ўсё самі, а потым па меры неабходнасьці мы будзем прасіць вас паглыбіцца ў акалічнасьці, якія пададуцца нам асабліва займальнымі».

«Добра. Тады слухайце. Кампанія "Лінолеюм Топ" першапачаткова была створаная шэсьць гадоў таму як дыстрыб’ютар лінолеюма некалькіх буйных вытворцаў. Мы з Паўлам Сяргеевічам, маім сябрам дзяцінства і таксама заснавальнікам, заказвалі лінолеюм невялікімі партыямі за мяжой і пастаўлялі яго ў мясцовую розьніцу – на базары, у крамы, прадпрымальнікам. У той час мы мелі вялікія амбіцыі і арандавалі цэлы авіяцыйны ангар – каб можна было разгортваць рулёны лінолеюма ва ўсю даўжыню ды разглядаць малюнак. Мы называлі гэта паміж сабой "баражыраваць", хоць і ведалі са слоўніка, што сапраўднае значэньне гэтага слова далёкае ад лінолеюмнага бізнэсу – але нам падабалася гучаньне. У нас нават былі адмысловыя вязаныя тэпцікі, каб хадзіць па лінолеюму, зьлёгку пасьлізгваючы. І вось аднойчы – гэты момант цьвёрда аддрукаваўся ў маёй памяці – пасьля асабліва працяглай баражыроўкі мы нешта разгуляліся, як хлапчукі, разьбегліся, прасьлізнулі некалькі мэтраў і з рогатам паваліліся на лінолеюм. Памятаю, гэта быў гатунак "Дуб Шампань". Праз хвіліну ці дзьве мы прыслухаліся да сябе, пераглянуліся і зразумелі, што нам падабаецца так ляжаць, і зусім ня хочацца ўставаць. І мы пачалі аналізаваць – што менавіта нам падабаецца? Як вы думаеце?»

«Вам было мякка?»

«Не, зусім ня мякка».

«Вы стаміліся?»

«І зусім мы не стаміліся».

«У гэтым было нешта сэксуальнае?»

«Глупства! Нас зачараваў водар сьвежага лінолеюма, вось што! І мы ўсьвядомілі, што ён заўсёды быў для нас незвычайна прыцягальны, проста мы не разумелі гэтага. Пяшчотны і дурманлівы, вытанчаны і сьмелы, сучасны і разам з тым старажытны, як сама зямля. Нашай радасьці не было канчатку! Шчасьлівыя й натхнёныя, мы распластваліся, уціскаліся, уплясківаліся, шэпчучы падзякі адно аднаму ды шчодраму лёсу. Неверагодна, якія блізкія да асалоды і якія адначасова далёкія ад яе бываюць людзі ў сваім будзённым жыцьці! І мы зразумелі, наколькі недазваляльна марнатравіць лінолеюм на падлогавыя пакрыцьці – бо ён так хутка выдыхаецца, так хутка губляе сваю каштоўнасьць. З таго дня мы кінулі ўсе пастаўкі й надалей набывалі лінолеум толькі для любаты нюху і напаўненьня нашага існаваньня ўрачыстасьцю».

«Гэтая гісторыя сапраўды ўзрушвае! Яўген Яўгенавіч, я ад усёй душы радуюся за вас і за вашае адкрыцьцё! Але што сталася з кампаніяй у эканамічным сэнсе?»

«На той момант у нас з Паўлам Сяргеевічам меліся значныя ашчады, частку якіх мы інвеставалі ў невялікую ўжываную лінію па вытворчасьці полівінілхлярыднага лінолеюма, а частку – у каштоўныя паперы. Стары пэрсанал, у асноўным мэнэджарскі, быў распушчаны з годнай выхадной дапамогай; зрэшты, некаторыя супрацоўнікі паслухаліся заклікаў сэрца й загадаў розуму і пагадзіліся застацца. Але мы зусім не ператварыліся ў гермэтыкаў і гностыкаў, носьбітаў тайнага веданьня: наша кампанія праводзіць палітыку бесьперапыннай экспансыі. Адбываецца як рэгулярнае пашырэньне штату, так і праца са спажыўцом. Доказам таму – наша рэклямная ўлётка, якая прывяла вас сюды».

«Яўген Яўгенавіч, ці працягваеце вы баражыраваць?»

«Не. І самое слова, і працэс разгорткі рулёнаў даўно зрабіліся залішнія; цяпер мы выкарыстоўваем для нюханьня невялікія ўзоры. І зараз, спадары, самы час наладзіць дэгустацыю! Вось, прапаную. "Каралеўскі Корань". З гэтага гатунку добра пачынаць: глыбокі й моцны водар з характэрнымі драўнянымі нотамі».

«Як цікава! Празрысты шкляны кантэйнэр з палоскай лінолеюма ўнутры. Я правільна адчыняю? Дзякуй. Ммм, сапраўды выдатны пах. І які дзівосна натуральны! Раней мне здавалася, што сьвежы лінолеюм мусіць пахнуць хіміяй».

«Так, гэта распаўсюджаны стэрэатып. Але давайце трошкі памяркуем: хіба так званая "хімія" не натуральная? Хіба можа існаваць у прыродзе, якая ўлучае ў сябе нават няўлоўную антыматэрыю, хоць нешта непрыроднае? Гэта абсурд! Дазвольце прапанаваць вам яшчэ некалькі ўзораў. Вось, вось і вось. "Засень Бацькоўскае Хаты", "У Ружоўніку", "Сьнежны Пацалунак". Зьвярніце ўвагу на нашую вынаходку: пах лепей трымаецца, калі захаваць сьпіральную форму лінолеюма. То бок, не выразаць прастакутны кавалачак, але рабіць зрэз цэлага рулона. Як лустачку рулета з павідлам. Удыхайце, удыхайце».

«Ооо! Высакародна... Як вытанчана! Валодзя, паспрабуй. Ммм... Пышна... чароўна!»

«Дзякуй вам».

«Дзякуй вам! А што ж Павел Сяргеевіч? Мы яго пабачым?»

«Не. Ён пакінуў нас некалькі месяцаў таму. Неабдуманы і непасьлядоўны крок... было балюча... але кінем пра гэта. Шчыра кажучы, ягоны сыход асьвяжыў і стымуляваў. Ведаеце, гэта як здабыцьцё крылаў! Як вызваленьне ад недарэчнае дзіцячае піжамы, саладжавай і абрыдлай! Як глыбокі ўдых насустрач ветру, як раскрытыя вочы, як сьмеласьць, як лютасьць! Як адважны рывок у адкрытае неба, у сінь, і далей, далей, у халодную стратасфэру каханьня! Што там? Насьмешлівы цьвёрды купал альбо абыякавая пустата?..»

«Але дазвольце... Што я бачу! Вы плачаце?..»

«Прабачце... Я прыгадаў Паўла Сяргеевіча. Часам накатвае, і гэта не спыніць. Занадта мала часу яшчэ прайшло. Прабачце мяне, расплакаўся так недарэчна перад камэрай. Але няхай. Вас праводзіць?»

«О не, не. Мы памятаем дарогу».

«Бывайце».

«Посьпехаў вам! Пойдзем, Валодзя. Ты здымаеш? Такім чынам, зараз мы з вамі пакідаем гасьцінны офіс і склад гатовай прадукцыі. Сакратар ласкава цокае наперадзе, але мы дзякуем і адхіляем дапамогу, бо ў яе й бяз нас зашмат працы! Да пабачэньня, "Лінолеюм Топ"! Выключай. Глядзі, вось цэлы рулон ляжыць. І вось. Давай гэты. Падхапляй ззаду! Давай, давай, пакуль нікога... Ды бяры, кажу! Нічога, што зрэзаны, гэта ж трошкі, у гаражы лобзікам падраўняем. Ух, цяжэнны! Бач ты... Засень бацькоўскае хаты! Гэта ж трэба да такога дадумацца – ноткі яечні і пральнага парашка. Праклятыя псыхапаты. Багажнік адчынены? Выдатна. Можа, яшчэ адзін закінем? Добра, добра, паехалі».

2015 г.