Піліп Ліпень. Апавяданьні

У доме-музэі І. І. Хлопчыка

«Ну вось, мы амаль на месцы! Са мной апэратар Уладзімір, і мы падыходзім да дома, у якім жыў і працаваў Ігар Ігаравіч Хлопчык. Просты цагляны пяціпавярховік, але якія клапатліва дагледжаныя кветнікі! Валодзя, што ты бачыш? Ого! У нашага апэратара вочы сьледапыта! Цяпер і я заўважыў: плюшавыя львы й мядзьведзі, сядзяць пад лісьцем вінаграду, непрыкметныя ў цені. А вось і наша элегантная апавядальніца, Таісія Міхайлаўна, якая ласкава пагадзілася пагаварыць з намі паўгадзіны. Добры дзень, Таісія Міхайлаўна! Мы ўжо ведаем, што вы, як старажыл і нязьменны сусед Ігара Ігаравіча, узялі на сябе ролю арганізатара й захавальніка ягонага дома-музэю. Ён сапраўды пражыў тут усё жыцьцё?»

«Так, менавіта тут, у другім пад’езьдзе. Але дзеля ўрачыстасьці мэмарыяльную дошку прымацавалі на рагу дома, па нашай агульнай просьбе. Мы знайшлі добрага скульптара – ня простага могілкавага ці з сацыяльнае службы, а таленавітага ляўрэата, сябра Зьвязу Мастакоў. Хадзіце сюды. Бачыце, Ігар Ігаравіч як жывы, і акуляры гэтак цікава паказаныя, і ягоная ўсьмешка. Часам людзі, што шпацыруюць па бульвары, спыняюцца ды глядзяць, а калі-нікалі нават пытаюцца – хто гэта такі? Нядзіўна, бо дзесяць гадоў мінула, для нашага часу гэта велізарны тэрмін. Жыцьцё цяпер такое багатае, усіх вынаходнікаў і адкрывальнікаў памятаць немагчыма, ды й ня трэба, я гэта выразна разумею. Аднак мусіць быць хтосьці, хто захоўвае памяць. А вось там – бачыце, высокі бэжавы будынак – гэта тэлефонная станцыя, тамака працавала ягоная маці, Любоў Аркадзьеўна, касірам-кантралёрам. Бацька ягоны, Ігар Уладзіміравіч, быў кіроўцам у аўтобусным парку нумар пяць. Вось гэта іхныя вокны – двухпакаёвая кватэра на трэцім паверсе. Паднімемся?»

«Вядома! Прошу пані, я прытрымаю дзьверы... Валодзя, дазволь мне наперад. Паднімаемся па лесьвіцы, у прыемным прыцемку й прахалодзе. Як лагодна – бягонія ды герань на падваконьнях! Таісія Міхайлаўна, раскажыце нам, як усё пачалося? Напэўна, Ігар Ігаравіч паказваў значныя посьпехі ў школе?»

«Зразумела, ён вучыўся выключна на выдатна, з надзвычайнае стараннасьцю й руплівасьцю. З самага раньняга маленства Ігар Ігаравіч гарэў агнём высакароднага славалюбства, марыў праславіць свой род і прозьвішча Хлопчыкаў. Ён спрабаваў сябе ў розных галінах, намацваючы найдужэйшыя бакі сваёй выбітнай індывідуальнасьці. Веславаньне на байдарках, лацінаамэрыканскія танцы, вайсковая гісторыя, грамадзкая дзейнасьць, усходняя філязофія ды многае іншае. Некалькі год да сваёй рэвалюцыйнае вынаходкі Ігар Ігаравіч прарабіў спэцыялістым па ахоўным сыстэмам. Вось мы й прыйшлі, праходзьце».

«Як утульна! Быццам не музэй, а клапатліва дагледжанае хатняе гнязьдзечка. Валодзя, сфатаграфуй гэты габэлен зблізку, такія цудоўныя казачныя кветкі. Таісія Міхайлаўна, якія заняткі й захапленьні падштурхнулі Ігара Ігаравіча да ягонага адкрыцьця?»

«Вы ведаеце, я лічу, што ў першую чаргу гэта была велізарная чуласьць – здольнасьць ясна адчуць пункт сыходжаньня, вастрыё, цэнтар чалавечых спадзяваньняў. Так, Ігару Ігаравічу спатрэбіліся некаторыя веды ў электроніцы, псыхаакустыке й прамысловым дызайне, але яны не былі вырашальныя. Галоўнае – гэта ідэя ды воля да яе ўвасабленьня. Вы пэўна ўжо не аднойчы чулі пра абставіны адкрыцьця? Не, гэта зусім не кінематаграфічнае перабольшаньне. Ігар Ігаравіч папраўдзе пайшоў на канцэрт фартэпіяннае музыкі ў Камэрную залю кансэрваторыі, і менавіта там, у час бурных і працяглых аплядысмэнтаў, убачыў перад сваім унутраным зрокам прататып новае, незвычайна патрэбнае й важнае прылады, якой ён адразу ж даў імя “хлопчык”».

«Ах, вось гэта ён і ёсьць, першы ў сьвеце хлопчык – за шклом? Цудоўна! Вытанчаная скрыначка з чырвонага дрэва, крыху больш за далонь. Дзіўна! Давайце параўнаем нашыя ўласныя мадэлі з праслаўленым прабацькам? У мяне хлопчык крыху меншы па памерах, з сэнсарным кіраваньнем і вельмі лёгкі, амаль бязважкі ў кішэні. Валодзя, давай сюды свой, ого, дык у цябе той самы разрэклямаваны флягман! Тытанавы сплаў, дыскрэтная схематэхніка – шыкоўны, што й казаць, вось толькі ня кожнаму па грошы. А ў вас, Таісія Міхайлаўна? Бачу, што рарытэт! Цуд інжынернае думкі, напаўмэханічны хлопчык з прамым доступам да ручных наладаў... А як дзейнічаў гэты, самы першы ўзор, які стаіць у вітрыне?»

«Ён дзейнічае й цяпер. На ім усяго адна кнопка, для запуску й спыненьня аплядысмэнтаў, ды два колцы збоку: рэгулятар хуткасьці воплескаў і рэгулятар гучнасьці. Тады яшчэ не было ані бесправадное сынхранізацыі такту, ані бібліятэкаў з сэмпламі, ані плыўнага нарастаньня й згасаньня. Ігар Ігаравіч зьбіраў спробны ўзор цэлых паўгода, ён не хацеў прадстаўляць публіцы сыры выраб, які мог бы сапсаваць уражаньне. І ягоная скрупулёзнасьць апраўдала сябе: на першых жа імпрэзах, калі ён выкарыстаў для хлопаньня не далоні, а хлопчык, людзі выявілі да інавацыі вялікую цікавасьць. Пасыпаліся заказы – за некалькі тыдняў іхны лік перавысіў сотню. Ігар Ігаравіч набраў і навучыў таварыскую арцель і запусьціў невялікую мануфактуру на базе старой мэблевай фабрыкі. Ні канструктарскага адзьдзела, ні тэхнолагаў, ні аснасткі, ні сыравіны – усё давялося рабіць з нуля, сваімі рукамі й галавой. Ігар Ігаравіч паказаў сябе таленавітым арганізатарам і кіраўніком: за год было сабрана й прададзена больш за тры тысячы хлопчыкаў».

«Таісія Міхайлаўна, зараз уласны хлопчык ёсьць у кожнага, і нямала людзей памятаюць імя вынаходцы, аднак падрабязнасьці ягонага прыватнага жыцьця анідзе не асьвятляліся. Але ж мусіў хтосьці падтрымліваць Ігара Ігаравіча ў ягоных імкненьнях, ствараць умовы для працы, уладкоўваць побыт? Быць можа, тут ёсьць нейкая таямніца?»

«О не. Таямніцы няма. Проста Ігар Ігаравіч па складзе свайму не імкнуўся да публічнасьці. Прыватныя падрабязнасьці ня ўтрымліваюць у сабе аніякіх сэнсацыяў і таму ня чутныя. Шмат гадоў ён пражыў тут з бацькамі, а калі яны пайшлі на пэнсыю і зьехалі ў сядзібу, пачаў жыць адзін. Калі хочаце, можна рэзюмаваць так: ягонае жыцьцё й творчасьць былі да таго напружаныя, што на рамантыку, шлюб і гадаваньне дзяцей не засталося часу».

«І ўсё ж, Таісія Міхайлаўна, прабачце за нясьціплае пытаньне: магчыма, менавіта вы былі натхняльніцай Ігара Ігаравіча? Бо кожны геній, як вядома, мае сваю музу!»

«О не. Вы мяне насьмяшылі. Перакажу: ягонае прызначэньне не пакінула месца на гэтак званае прыватнае жыцьцё. Часам я дапамагала яму па гаспадарцы, але ня больш за тое. Свае дні Ігар Ігаравіч бавіў на фабрыках, а вечары – у канцэртных залях і тэатрах, папулярызуючы хлопчыкі. Вяртаючыся дадому глыбокай ноччу, ён зьядаў кекс, выпіваў кубак гарачага малака і адразу клаўся ў ложак. Ён ішоў да вяршыняў, і яго нішто не павіннае было адцягваць».

«Наколькі вядома, сапраўднае прызнаньне прыйшло да Ігара Ігаравіча празь некалькі гадоў пасьля стварэньня першага хлопчыка?»

«Так; і ягоным пачаткам мы лічым той гістарычны канцэрт Венскага філярманічнага аркестра ў Залатой зале, калі пасьля выкананьня Гераічнай сымфоніі Бетговэна дырыжор запатрабаваў цішыні й запрасіў на сцэну Ігара Ігаравіча. І дырыжор, і музыканты, і гледачы – усё ў адзіным імпэце падняліся і ўчынілі Ігару Ігаравічу авацыю, кожны з дапамогай свайго ўласнага хлопчыка. Потым было яшчэ шмат канцэртаў, опэраў, балетаў, прыёмаў у каралевы, сусьветных турнэ, рок-фэстаў, адкрыцьцяў і зачыненьняў алімпіяд... Усю храналёгію можна прасачыць па фотаздымках у нашым музэі. Вось у гэтай вітрыне прадстаўленая калекцыя хлопчыкаў, усе сэрыйныя мадэлі, якія сышлі з канвеера на заводах Ігара Ігаравіча. І, як вам вядома, пасьля выпуску юбілейнага мільённага хлопчыка правы на іх выкупіла кампанія "Стэйнвэй і сыны". Гэтая ўгода зьявілася адной з найбуйнейшых у гісторыі музычных інструмэнтаў і абсталяваньня. Ігар Ігаравіч пайшоў на яе спакойна: ён ведаў, што ягоны абавязак і місыя заснавальніка выкананыя, і зараз можна даверыць справу беражлівым прадаўжальнікам».

«І як Ігар Ігаравіч распарадзіўся сваім неверагодным багацьцем?»

«У побыце, як бачыце, ён быў вельмі непатрабавальны, як і многія іншыя геніі. Бачыце, які просты ложак. Вось гэтую покрыўку я падарыла яму на дзень Чырвонай Арміі, і ён карыстаўся ёй да самае сьмерці. Трохі стракатая, але жыцьцярадасная. Ігар Ігаравіч любіў розныя колеры – і сіні, і жоўты, і чырвоны. А што тычыцца багацьця, ён загадаў адліць вялікую партыю хлопчыкаў высокай якасьці з золата. Заказ вырабляўся ў манетным двары на працягу васьмі гадоў і быў цалкам скончаны ўжо пасьля скону Ігара Ігаравіча. Затым, згодна зь ягоным адпісам, мы разаслалі каля тысячы хлопчыкаў па дамох састарэлых, а астатнія захоўваюцца тут».

«Цудоўна! Вось пра гэта сапраўды ніхто ня ведаў! Але навошта ў дамах састарэлых залатыя хлопчыкі?»

«Усё проста. Іх можна ў кожны момант прадаць і атрымаць наяўныя».

«І сапраўды. Але няўжо цалкам з чыстага золата?..»

«З найчысьцейшага чырвонага. Можна папрасіць вашага апэратара не паварочвацца да мяне сьпіной?»

«Але дазвольце... Гэта зусім не празь непавагу. Ён жа заўсёды шукае ракурс! Залаты перасек...»

«Я настойваю. Хоць гэта й муляжы».

«О, не-не! Што вы! Няўжо... вы лічыце, што мы здольныя выкрасьці экспанаты?.. Ці покрыўку? Гэта нечувана! Зразумейце, мы ж увасабляем дзяржаўную тэлерадыёкампанію! Мы не прайдзісьветы! Добра... Няхай будзе па-вашаму. Пойдзем, Валодзя! Сыходзім. Выключай. Мы не махляры!»

2014 г.