Піліп Ліпень. Апавяданьні

Аднойчы на вадасховішчы

Калі кароткая летняя ноч скончылася, і на ўсходзе скрозь шэрае праступіла ружовае, Андрэй Віктаравіч злавіў Залатую рыбку. Спачатку яна нічым не выдавала сябе і толькі флегматычна варушыла плаўнікамі ля самога дна вядра, але яе масьць была выразна прыкметная нават у сьвятле запальніцы – на бескаляровым цынку хваляваліся сакавітыя, насычаныя чырвона-жоўтыя бліскавіцы.

– У глыбіні душы я заўсёды верыў, што такое можа здарыцца, – сказаў Андрэй Віктаравіч. Ён сонна паматляў галавой, зноў падзівіўшыся з прастаты хітрыка, на які трапілася рыбка: шарык чорнага хлеба з кропелькай карвалолу. Што яе прыцягнула? Пах? Або смак, які рашчыніўся, расплыўся ў вадзе? Або пах як прадчуваньне смаку? Рыбка паднялася да паверхні і пазірала на яго халодным вокам.

– Ты ж разумееш, што ў кожны момант я здольная вызваліцца? – ейны голас быў выразна дзявочы, з інтанацыямі цярплівае незалежнасьці.

– Ты трапілася, і астатняе ўжо няважна. Зьнікай, вызваляйся, але факт застанецца фактам, – Андрэй Віктаравіч скінуў дрымоту: выпрастаўся і пацягнуўся, раскінуўшы рукі шырока ў бакі, пакуль ня хруснула ў плячох. Звычайна ён сьнедаў толькі бліжэй да поўдня, але цяпер празь нечаканы посьпех адчуў ажыўленьне і апэтыт: разгарнуў бутэрброды з сырам, адкусіў кавалак, нетаропка пражаваў, праглынуў і зрабіў добры глыток гарэлкі.

– Не турбуйся, я ня буду выходзіць за рамкі. Усё па правілах. Ты выканаеш жаданьне, і я цябе адпушчу, – ён еў і сачыў, як яна адрэагуе.

– Дамовіліся, – яна пагойдвалася і варушыла танюткім хвосьцікам. – Гавары.

– Я хачу злавіць самую вялікую рыбу, небывала вялікую, – летуценна загадаў Андрэй Віктаравіч. – Не падумай, што мне замала цябе; я разумею тваю значнасьць; але гэта – зусім іншае.

Залатая рыбка зрабіла абыякавы жэст, і Андрэй Віктаравіч патлумачыў яго як згоду. «Зараз трэба паказаць велікадушнасьць». Не чакаючы выкананьня дамовы, ён плыўна выплюхнуў вядро ў ваду. Закурыўшы, глядзеў на другі паплавок. Клюнула амаль адразу, і ён, з козытам радаснага захапленьня ў жываце, асьцярожна пацягнуў. Пад вадой вагалася, цямнела і пачало быццам нарастаць, нарастаць – і раптам хвалі раздаліся ў бакі, выкрываючы велізарную рыбіну морду зь лёскай ў роце, памерам з дэльфіна. Андрэй Віктаравіч не сьпяшаўся рабіць высновы і патроху цягнуў, і рыба лёгка выходзіла з вады, усё павялічваючыся ў абхваце. Сьціскаючы вуду, Андрэй Віктаравіч адступаў ад берага крок за крокам, і хутка насатая дэльфінава морда ўжо здавалася ненатуральна маленькай у параўнаньні зь целам – яна месьцілася толькі на самым кончыку велічэзнага касога конусу, жывога і дрыготкага. «Левіяфан». Рыба рахмана глядзела яму ў вочы, ня ўпарцілася, і хутка ён зразумеў, што яна дапамагае яму вылавіць сябе: адштурхоўваецца ад дна ці то плаўнікамі, ці то выгібамі жывата, як вусень. Туша вырасла ўжо да некалькіх мэтраў у дыямэтры – або ў радыюсе? – і спараджала вакол сябе шумныя пенныя бруі, пырскі і віры. Андрэй Віктаравіч наступіў ботам на купіну і ледзь не паваліўся. За сьпіной быў абрыў. «Трэба ўзьлезьці». Ён павярнуўся кругом, ухапіў вуду правай рукой і палез уверх, чапляючыся левай за дужыя травяныя карэнішчы. Зьверху зрабілася відавочна, што гэтая рыбіна і сапраўды Самая Вялікая. Андрэй Віктаравіч стаяў на зрыве ў два чалавечых росты, але калясальнае цела ўздымалася значна вышэй.

– На матыля? – спытаў паважлівы голас. Андрэй Віктаравіч павярнуўся: сабакар з маладой аўчаркай на ланцугу.

– Ды не, на хлябец...

– Вось як. Я й ня думаў, што ў нас такія водзяцца, – сабакар ўсьміхнуўся яму, паказаў вялікі палец і пайшоў уздоўж зрыву да парку.

Андрэй Віктаравіч пераглянуўся з рыбінай і накіраваўся ў процілеглы бок, да прыватнага сэктару. Наперадзе было вузкае месца паміж вадой і невялікім гайком вакол царквы на пагорку, і ён вёў вуду на выцягнутай руцэ, каб рыба ня вылезла на сушу раней часу і не паламала прыгожыя таполі. Яна паслухмяна накіравала свой рух ўздоўж берага, але ўзьнікаць з вады працягвала ўсё ў тым жа першапачатковым месцы, прычым ейная абойма няўхільна ўзрастала, без намогі перавышаючы і таполі, і царкву, і абяцаючы, калі так пойдзе, памеры сапраўды нечуваныя.

– Вы толькі паглядзіце! – падняліся яму насустрач Сяргей Сьцяпанавіч і яшчэ нейкі новы малады з залысінамі. – А ў нас толькі падлешчыкі лядачыя.

Малады, наракаючы, што не прыхапіў фотаапарат, зайшоў зьверху і зрабіў некалькі здымкаў на тэлефон. «Вось дык рыбка». Андрэй Віктаравіч пастаяў зь імі, абмеркаваў надвор'е. Абяцаюць сьпякоту, але хто ведае. Каб даць яму прайсьці і правалачы здабычу, яны выцягнулі з вады вуды і, бавячы час, селі сьнедаць: разаслалі газэту, расклалі пакункі, кантэйнэры і тэрмасы. Андрэй Віктаравіч пацягнуў рыбу далей, і яна зь ледзь прыкметнай запінкай рушыла ўсьлед за ім, ветліва выгінаючы морду да берага, каб не засільна нацягваць лёску. Сьцяна ладнай дробнай лускі бліскала на ўзыходзячым сонцы. Яны прамінулі гаёк, прамінулі крывыя агароджы прыватнага сэктару, і хутка выйшлі да вузкай бухты, за якой вадасховішча загіналася да свайго вытоку, вузкай тваністае рачулцы. Андрэй Віктаравіч прымеркаваў на вока велічыню рыбы: вышыня ейнага цела была ўжо выразна вышэйшая за ўзровень дзевяціпавярховікаў, што віднеліся за паласою яблыневых садоў. «А раптам яна задыхнецца?»

– Ты хлапец ці дзяўчына? – спытаў ён, проста каб парушыць цішыню.

Рыба пажавала вуснамі і нечакана адказала:

– Хлапец.

– А жабры ў цябе дзе?

– На жываце. Але яны чыста намінальныя, фармалёвыя – каб я мог лічыцца рыбай. На самой справе дыханьне мне не патрэбнае.

– А ты ўвогуле вельмі вялікі?

– Так, вельмі.

Андрэй Віктаравіч ведаў: рыба, ня выцягнутая з вады цалкам, злоўленай не зьяўляецца. Ён пачухаў сярэдзіну пад вятроўкай.

– Ну а як мы з табой праз дарогу? Увесь рух перагародзім.

– А я прыўстану над ёй – як арка ці мост.

І яны рушылі далей – ужо па сушы, праз высахлы да жаўцізны жнівеньскі луг, у напрамку да кальцавой дарогі. «Трэба мець запас прасторы». Высокія боты абцяжарвалі ногі, і Андрэй Віктаравіч шкадаваў, што не пераабуўся. Ён пазіраў на рыбу праз плячо, але пра што загаварыць, не знаходзіўся. На кальцавой амаль не было машынаў, і Андрэй Віктаравіч павольна перасёк унутраныя палосы. Лаючыся на пыл і бруд, ён наваліўся грудзьмі на агароджу, перакінуў ногі і трушком перабег вонкавую праезную частку. Рыба, як і абяцаў, выгнуўся над дарогай тытанічнай цёмна-зялёнай аркай, прымусіўшы выпадковага раньняга дачніка прытармазіць пікап і захоплена высунуцца з акенца. Далей, наколькі можна было бачыць, цягнуліся жоўтыя ячныя палі; на гарызонце была відаць палоска лесу.

– Ты ж скажаш мне, калі цалкам вылезеш з вады?

– Вядома.

Ісьці наўпрост па полі было нялёгка, высокія каласы мяшаліся і стрымлівалі хаду, але неўзабаве ён выйшаў на вузкую грунтавую дарогу, якая забірае ледзь налева, і пашыбаваў па ёй. Павярнуўшыся, каб зноўку ацаніць рыбу, Андрэй Віктаравіч убачыў, што той ужо перастаў таўшчэць і цяпер меў форму вугра або чарвяка, нябачана гіганцкага, аточанага шэра-залацістымі аблокамі пылу й пылку. Вароны, што ўзьляталі і кружлялі над ягонай сьпіной, ператвараліся ў ледзь прыкметныя галачкі. Андрэй Віктаравіч ўжо стаміўся, але рыба маўчаў – а значыць яшчэ ня вылавіўся канчаткова. Сонейка прыгравала, і Андрэй Віктаравіч зьняў вятроўку, абвязаў яе рукавамі вакол пояса. «Я ўпарты». Ён паклаў сабе, што да лесу – кілямэтар ці два – рыба ўжо напэўна вылезе, і паскорыў крок. Але праз паўгадзіны, калі палявая дарога рэзка павярнула налева ўздоўж лесу, рыба не сказаў ані слова. Трэба было вырашаць: альбо нязьменна прама, зьмінаючы хвоі, альбо збочыць, рызыкуючы лопнуць рыбу па ягонаму вонкаваму боку – бо радыюс павароту быў занадта малы для такой таўшчыні тушы.

– Як зробім?

– Лепш прама. На самой справе тут шмат сухастою, таму можа нават і добра. Прызначаюць жа лясьнічыя прарэджваньне. Вось і мы штосьці кшталту. Амаладжэньне лесу.

Рыба гаварыў з разважлівай непасьпешлівасьцю і пацешна варушыў вусікамі. Андрэй Віктаравіч коратка ўздыхнуў, дастаў сьцізорык і – джыг, джыг, джыг! – некалькімі доўгімі джыгамі абрэзаў высокія халявы ботаў ніжэй каленяў. «Больш не спатрэбяцца». Толькі дурны працягнуў бы хадзіць на рыбалку пасьля сёньняшняга. Трохі падумаў, і абрэзаў яшчэ – крыху вышэй за шчыкалаткі. Патупаў нагамі, пацягнуў вуду, і яны ўвайшлі ў лес. Трэск першых галінаў і ствалоў хутка ператварыўся ў аглушальны грукат; зямля няспынна дрыжала, па сьпіне пстрыкалі ці то трэскі, ці то каменьчыкі, і Андрэй Віктаравіч ішоў наперад, не азіраючыся. Дужа смажыла, але ён быў чалавекам фабрычнае загартоўкі і ўмеў трываць. Рыба таксама не выказваў аніякае стомы – нават калі даводзілася прыўздымацца над высакавольтавымі лініямі або абгінаць ускраіны вёсачак. Яшчэ празь дзьве ці тры гадзіны – Андрэй Віктаравіч не лічыў часу, але мяркуючы па сонцы, было ўжо далёка за поўдзень – лясы скончыліся, грукат сьціхнуў, і яны выйшлі да хуткаснае трасы. Па той бок была відаць аўтазапраўка, па гэты, крыху далей – ці то матэль, ці то кафэ, у бярвеністым паляўнічым стылі.

– Усё. Я цалкам на зямлі, – абвясьціў тут рыба.

– Сапраўды? – Андрэй Віктаравіч уздрыгнуў. – Выдатна! Пачакай пакуль, я схаджу вазьму папіць.

Зь нечаканасьці Андрэй Віктаравіч зьлёгку разгубіўся і па шляху да кафэ дакараў сябе за няветлівасьць. «Замест ухваліць – нейкая бязглузьдзіца». У кафэ было прасторна, чыста, дзьмуў кандыцыянэр, грала лёгкая суботняя музыка, і Андрэй Віктаравіч раптам адчуў, як моцна стаміўся. Наваліўшыся на барную стойку, ён знайшоў вачыма лядоўню, але ў ёй не было нічога, акрамя піва і колы. Малады пачцівы бармэн са шкадаваньнем пацьвердзіў, што мінэралачкі няма. Андрэй Віктаравіч узяў колы, закінуў бутэльку і піў, піў, пакуль не перахапіла подых. У роце застаўся ліпка-салодкі густ, жывот успучыўся газам, на лбе і на сьпіне выступіў пот. Ён спытаў бармэна, як дабрацца да горада, і высьветлілася, што вунь там у ста мэтрах аўтобусны прыпынак, «Дзевяты кілямэтар». Андрэй Віктаравіч усьведамляў: ня ўбачыўшы хваста сваёй рыбы, ён аніколі ня будзе ўпэўнены ў яе бясспрэчнае вылаўленасьці. Ён выйшаў вонкі.

– Мне трэба ў горад, – паведаміў ён рыбіне.

– Разумею.

Аўтобус падкаціў неўзабаве, хвілін празь пяць. Андрэй Віктаравіч прайшоў у сярэдзіну салёна і сеў ззаду пары грыбнікоў, насупраць рыхлага хлопца з тэлефонам ля вуха. Хлопец спрачаўся пра нейкія артыкулы і пра першую і другую калёнку. «Журналісты». Андрэй Віктаравіч ставіўся да журналістаў зь недаверам, але зараз сьцяміў, што яму проста неабходна зафіксаваць рыбу ў друку. Калі хлопец скончыў размову, ён падсеў да яго і распавёў пра сваю падзею. Ён паказаў у вакно на цыкляпічнае чорнае цела, што перакрывала гарызонт, і хлопец лагодна пагадзіўся паехаць зь ім да хваста. Яго звалі Алег Сяргеевіч, ён быў карэспандэнтам газэты «Наша Ніва», і ўсю дарогу забаўляў Андрэя Віктаравіча сьвежымі навінамі і анэкдотамі. На аўтастанцыі яны пераселі на маршрутку і праз чвэрць гадзіны ўжо крочылі па парку да вадасховішча.

– Як жа мы яго вымераем, Алег Сяргеевіч? Каб чытач уявіў маштаб?

– Давайце прыкладна. Адсюль да выезду з гораду кілямэтраў пяць, да прыпынку – дзевяць, што вынікае з ягонай назвы. Калі лічыць гэтыя адлегласьці катэтамі – вельмі прыблізна – дык гіпатэнуза, то бок даўжыня рыбы, будзе роўная... эээ... дзесяць кілямэтраў зь невялікім. А вага... гм. Давайце возьмем за арыентыр каўбасу, бо яна мае падобную форму і параўнальную шчыльнасьць. Мяркуючы, што каўбаса даўжынёй паўмэтра важыць два кіляграма – акруглена – у гэтым выпадку, прымаючы ў разьлік квадратную прапарцыянальнасьць, атрымаем... эээ... васемсот тысяч тонаў з капейкамі. Вы згодны?

Андрэй Віктаравіч ня ўмеў так хутка і сьмела лічыць, і толькі падняў бровы. Яны ўжо наблізіліся да хваста: ён ляжаў на траве плазам, неабсяжная цёмная роўніца, якая ўводзіла ўверх, да галавакружных вышыняў. Алег Сяргеевіч асьцярожна пакратаў край хваста сандалем, уражана страсянуў кудзеркамі і нешта запісаў у нататнік. Ён сказаў, што сёньня ўвечары напіша артыкул, і заўтра – не, стоп, заўтра нядзеля, лепш пасьлязаўтра – яго разьмесьцяць на галоўнай старонцы сайта. Яны паціснулі адзін аднаму рукі, і карэспандэнт пасьпяшаўся па сваіх справах. Андрэй Віктаравіч уцягнуў у сябе паветра – пахла нібы далёкім морам. Ён спусьціўся са зрыву да сваіх пакінутых з раніцы вудаў і пажыткаў і раптам заўважыў, што ў вадзе зеўрае велізарная дзірка – на тым месцы, адкуль зьявіўся рыба. Вадзяныя сьцены сыходзілі строма ўніз, але мелі такі самы шэра-блакітны колер, як і паверхня, і былі таксама пакрытыя хвалямі і рабізной – таму незвычайны фэномэн ня быў прыкметны здалёк. Андрэй Віктаравіч ступіў у ваду, прайшоў некалькі мэтраў, пагрузіўшыся па грудзі, а потым паплыў, празь некалькі доўгіх грабкоў дасягнуўшы самага краю стромы. Гэта была сапраўдная прорва, бяздонны тунэль да чорных зямных глыбіняў, што так і ня здолеў зьяднацца пасьля выхаду рыбы. Андрэй Віктаравіч пагасіў у сабе панічны імпульс – сьлізгануць і паляцець туды – і застыў на плаву, ледзь падчэрпваючы рукамі і нагамі. «Так! Вось ён, мой бясспрэчны і канчатковы рыбалоўны трыюмф, – разважаў ён задаволена. – Цяпер хоць штосьці ў жыцьці можна лічыць даведзеным да пэўнага канчатку. Вядома, жыцьцё і само мае пэўны канчатак; але гэта – зусім іншае».

2014 г.