Піліп Ліпень. Апавяданьні

Забойства на вуліцы Варвашэні

Быў восеньскі вечар, ліў дождж, сьвяцілі ліхтары, кацілі машыны. Усё вакол шумела й блішчала. Камісар стаяў пад абголенай ліпай і люта паліў, другую цыгарэту запар. Сьвярбела за поясам, але пад даўгім плашчом было не дастаць. Кроплі стукалі па капелюшы і па плячах, вецер дзьмуў то справа, то зьлева, мокрая пляма расплывалася пасярэдзіне цыгарэты. Збоку, з пырскаў і вогняў, узьнікла бабулька з парасонам.

– Што тут здарылася, сынок? – яна глядзела спалохана.

– Жанчыну забілі, – коратка адказаў камісар.

Каб ня доўжыць размову, ён выйшаў з-пад ліпы і пераступіў праз стужку агароджы. Фатограф ужо хаваў камэру, сяржанты мацалі скрозь поліэтылен сабраныя доказы, лекар шкрабаў шыю пад каўняром і запытальна глядзеў. Азірнуўшы яшчэ раз цёмнае цела за аўтобусным прыпынкам, камісар кіўнуў. Спрытныя санітары жыва пераклалі цела на насілкі, паднялі і ўдзьвінулі ў машыну.


Ён загадаў сяржантам ехаць ва ўправу, а сам пайшоў кудысьці наперад, да праспэкта. Яму хацелася рыкаць і рваць, чуць хруст злачыннага твару пад кулакамі. Як толькі зямля носіць гэткіх паскудзін? Якія пазбаўляюць жыцьця далікатную кабету? Доўгай фінкай між рэбраў, прама ў сэрца? Рэўнасьць? Помста? Злоснае вычварэнства? Ён падняўся па брусчатаму пандусу да крамы і спытаў цыгарэт.

– І бісквіт ? – заўважыла ягоны погляд прадаўніца.

– Калі ласка, – пагадзіўся камісар.

Абапёршыся на шурпатую сьцяну ля схоўных шкапчыкаў, ён кусаў бісквіт, жаваў і змрочна разважаў. За што можна забіць? Забіць, каб упала й ляжала, у чорнай лужыне за іржавым прыпынкам? Каб фінка з тлустымі адбіткамі тырчэла ў яе з грудзей? Хто б ён ні быў – камісар не сумняваўся, што гэта «ён» – няма яму паратунку. Хлопцы ўжо шныпараць па картатэках, трасуць, скрабуць – ня сыдзе! Вылупак.


Ён падаўся ў кафэтэрый, узяў гарбаты з гібіскуса і сеў за столік. З кожнай хвіляй ягоная нянавісьць узрастала, і вось ён ужо ўяўляў сябе катам, які зьдзяйсьняе сьмяротны прысуд. Аніякага чырвонага каптура, толькі простая пілотка, каб злыдзень бачыў твар і вочы: чорныя, цьвёрдыя, поўныя справядлівасьці. Стрэл! Стрэл! Стрэл! У гэты момант патэлефанавалі сяржанты.

– Хто яна? Знайшлі? – камісар прамакнуў пальцамі куткі вачэй.

– Тэхноляг са швейнае фабрыкі, – зладжана адрапартавалі яны.

Адбіткі на фінцы таксама былі апазнаныя: інжынэр сарака гадоў, раней не судзімы, адрас, тэлефон. Камісар ускочыў, крэсла са скрыгатам павалілася, буфэтніца здрыганулася. Ён бег да машыны, на хаду аддаючы загады ў рацыю. Газу, газу! Ён з ровам ляцеў па праспэкту, і ўсюды яго чакаў зялёны. Гэта было блізка: два павароты ўглыб вузкіх вуліц, змрочны пяціпавярховік у зарасьніках асінаў і глогу.


Сяржанты ўжо чакалі: пачухвалі пад жорсткімі бронікамі, прытупвалі чорнымі берцамі. Ён махнуў рукой, і яны рысьсю ўбеглі ў пад'езд, спудзіўшы котку. Кватэра нумар чатыры, дзьверы ў карычневым дэрмаціне. Працяглы званок – урывак з Моцарта. Стук сэрца, яснасьць сьвядомасьці і гатовасьць да правасудзьдзя. Інжынэр адчыніў адразу: няголены, няўзрочны, у вязаным швэдры. Вочы ў вочы.

– Ты зарэзаў? – спытаў камісар напрасьцень.

– Не адмаўляю; але прашу выслухаць, – сказаў інжынэр пакорліва.

Яны прайшлі ў хату і расьселіся: камісар ў крэсла, інжынэр на ложак, сяржанты на зэдлікі. Інжынэр тут жа ўсхапіўся, рушыў да шафы і рассунуў дзьверцы. Сяржанты схапіліся за кулямёты, але камісар падняў палец: пачакаем, што ён пакажа. Інжынэр даставаў і раскладваў на ложку бялізну: майткі, суколкі, споднікі. Усё было чыстае, памытае, сёе-тое нават вызначана ненадзяванае.


– Бачыце гэтую вопратку, спадары міліцыянты? Што скажаце? Асабіста я скажу толькі адно: гэта ёсьць гнюснай насьмешкай, ганебным зьдзекам! Ненавіджу! Га?.. Чаму?.. Вы сур'ёзна пытаецеся – чаму? Дык таму што ўнутар кожных трусоў, кожнае куфайкі зашыты здрадніцкі цэтлік! Ён казыча, ён колецца, ён пячэ, і ты вар’яцееш! Ад яго немагчыма пазбавіцца! Гэтую сьлізкую мярзоту нельга абрэзаць – яна стане сьвярбець яшчэ горш, яе нельга выпараць – яна прашытая патройным шыўком! Нехта скажа: айчынны вытворца, цёмны, кандовы... Хлусьня, спадары міліцыянты! Запрашаю вас... зірніце сюды: найбуйнейшая швэдзкая марка, купленая ў Італіі. Усё тое ж, бачыце? Застаецца толькі насіць майткі навыварат – але якое прыніжэньне! Доўгія гады зьнявагі, сябры! І хто адкажа за гэта? Хто вінаваты ў нашых пакутах? Хто?.. Так, я зарэзаў. Але павінен жа нехта адпомсьціць? Ці ня вартыя сьвербы мільёнаў хаця б адной брыдкай цёткі?


Прамовіўшы, інжынэр змоўк. Ён быў бледны. Сяржанты спачувальна качалі шлёмамі, за сьцяной ледзь чутна бубнілі навіны. Нарэшце камісар пажаваў і ўздыхнуў: гэты чалавек мае рацыю, а гадзюка заслужыла. Ён падняўся і пайшоў, сяржанты пацягнуліся ўтропы. Ля пад'езда яны разьвіталіся і паціснулі рукі. Камісар закурыў, а сяржанты накіраваліся да паркоўкі, шляхам шпурнуўшы фінку з адбіткамі ў сьмецьцевы бак.

Вуліца Варвашэні

2013 г.