Піліп Ліпень. Апавяданьні

Найда

Найда

– Кахаю? – спытаў я сябе, пазірнуўшы на Джэсі.

Джэсі ішла на крок ззаду, схіліўшы галаву ледзь набок, удыхаючы халоднае паветра. Адчуўшы погляд, узьняла вочы, нагнала, дакранулася плячом. Кахаю, кахаю. Як можна не кахаць яе? Родная, такая знаёмая, уся мая. Мы ішлі пад ліхтарамі, хрумсьцелі сьвежым сьнегам, пакідалі сьляды – мае вялікія, ейныя маленькія. Сьняжынкі мякка садзіліся на ейную сьпіну, на ейныя плечы. Мяккі змрок, рэдкія спазьнёныя мінакі. Наперадзе пад дрэвамі гарэзілі закаханыя – ён рагатаў, кідаў у яе сьнегам, яна ўхілялася, хапала яго за рукі, цягнулася да матузкоў на шапцы. Зусім маладыя. Праходзячы міма, з усьмешкай назіраем за імі. Паварот да шашы. Пагуляем далей ці назад, дадому? Марозна, але гэтым ціхім вечарам хочацца даўжэй пад небам... Збочылі.

І апынуліся амаль тварам да твару з той учорашняй парай: высокі круглатвары ён, у пухавіку з футравай аблямоўкай, і грацыёзная яна зь ледзь выцягнутай галавой, з акуратнымі вушкамі.

– Запалкі ня знойдзецца? Сваю дома забыўся, а купіць тут няма дзе, ўсё ўжо зачыненае.

Пакуль ён запальваў, я глядзеў на ягоную спадарожніцу. Сёньня яна падабалася мне яшчэ больш: сярэдняга росту, круглявая, але падцягнутая постаць, прыхаваная сіла ў рухах. Карычневы кажушок, сьвятло ліхтароў бліскоча па абрысах, успыхвае на асобных шарсьцінках. Глядзіць у адказ, ледзь прыжмурыўшыся, а ў твары ці то цікавасьць, ці то скарга. Адвярнулася, пераступіла стройнымі нагамі. Тым часам круглатвары, дымячы цыгарэтай, ужо некалькі сэкундаў працягваў мне запальніцу, але працягваў нетаропка, як бы напалову, назіраючы за мной.

– Добрая погодка! І ўвесь тыдзень такую абяцаюць.

– Чуў.

– Ну, дабранач!

Праз хвіліну я азірнуўся і засьпеў іх на павароце, ужо напалову схаваных за рогам: яна, вузкая гнуткая сьпіна, пругкі крок. Зьніклі.

 

Уначы, абдымаючы Джэсі, лашчачы яе нашымі ўлюбёнымі, звыклымі шляхамі, я думаў: «як яе клічуць, тую?» Яна ня йшла ў мяне з галавы. Джэсі адказвала мне, прыціскалася, дыхала горача і ласкава, і я адчуваў падзяку. Я цалаваў яе ў вусны, сьціскаў шыю, закопваўся тварам, агонь разгараўся – але тут мне спакваля ўявілася, што ня Джэсі, а тая ў маіх руках. І я ўспыхнуў, і аддаўся фантазіі, і было так чароўна – яна, яна, карычневы гарачы кажушок, гнуткая сьпінка... Але стоп! Я ўскочыў. Што за насланьнё! Я пайшоў на кухню, запаліў сьвятло, напіўся з-пад крана. У начным акне чарната, адлюстраваньні, бледныя кухонныя шафкі, бледны твар. Ганебная слабасьць. Але як яе клічуць? Вярнуўся ў пакой, сеў, намацаў коўдру. Джэсі ўжо спала.

 

– Як яе клічуць? – спытаў я наступным вечарам, зрабіўшы абыякава-ветлівы голас.

– Найда, – адказаў ён. – Я каля гастранома яе падабраў, вось такенькая была. Падабаецца?

Пульхныя шчокі, нос кручком, румяны, здаровы. Над ягонай галавой – месяц, роўна зрэзаным белым пазногцікам. Найда і Джэсі стаяць побач, карычневая і белая, пар з ратоў. Вытанчаны профіль, крыху кірпаты носік, вочкі з далікатным разрэзам. Што карысьці марудзіць?

– Паслухай... Ты не хацеў бы...

– Не хацеў бы што? – перапыніў ён.

– Ну... Ты і Найда, я і Джэсі, мы маглі б...

– Што?

– Маглі б унесьці невялічкую разнастайнасьць.

Ён зацягваецца і выпухае дым ўверх, адкінуўшы галаву, быццам зьбянтэжаны.

– Ну ты жвавы! Ці ня ведаеш, што за гэта бывае? Забыўся, ў якой краіне жывем? Гэта табе не Нідэрлянды, братка. Я, вядома, з шырокімі поглядамі чалавек, але мая свабода мне дарагая. Ды й імпэт ужо ня той, каб рызыкаваць дарэмна. А ты гарачы! Што, надакучыла? – ён ківае на Джэсі і глядзіць пакепліва, – Голдэны, яны такія, занадта роўныя, ведаю.

Не жадаючы працягваць гэтую размову, я адвярнуўся і зрабіў крок назад, ісьці, але ён затрымаў мяне за рукаў, сказаў хутка і ціха:

– Гадзіна – дзясятка, ноч – паўсотка. Зразумей, дружа. Жыцьцё цяпер няпростае.

Я вырваўся і пайшоў, клікнуўшы Джэсі. Найда разьвітальна ўсьміхалася мне, і ад гэтае ўсьмешкі салодкія дрыжыкі прабеглі па маёй сьпіне. Пачвара! Дык вось які ён! Пракляты сутэнёр! Забыцца, забыцца.

 

Але забыцца не выходзіла. Найда, Найда, ледзь кірпаты носік, усьмешка... Я думаў пра яе дома, думаў на службе, ня мог ня думаць, і гэта злавала мяне. Прэч, ты перашкаджаеш імне! Сыдзі!

І ў чацьвер, каб выпусціць пар і паставіць кропку, я паехаў у муніцыпальны дом цярплівасьці. Гадзіна – пяць, ноч – дваццаць. Гартаючы каталёг у холе, я шукаў ейную кроў і не знаходзіў. Мадам ненадакучліва прапанавала дапамогу, і я апісаў Найду як мог. Гэта верагодна рыджбэк, сказала мадам. У нас як раз вольная Мілі, ласкавая маладая дзяўчынка, ідзіце ў нумар, яна зараз падымецца.

Мілі, непрыстойна падрапаная на сваі гады, сапраўды чымсьці нагадвала Найду, але гэтае падабенства было хутчэй зьдзекам. Сутулыя плечы, нізкія каленкі, вульгарны прыкус... Яна села побач і прыціснулася да мяне, але я адхіліў яе. Стала брыдка. Я прасядзеў на ложку паўгадзіны, чытаючы часопіс, потым адкінуў яго. Зараз недзе там, у падобным пакоі, хтосьці з Найдаю! Падлюга бессаромна гандлюе ёю! У, гэта невыносна!

 

– Колькі ты хочаш за яе?

– Я ж табе сказаў.

– Не, не на гадзіну і не на ноч – назусім.

Ён сьвіснуў.

– Ты чаго гэта, хлопец? Колькі я хачу, хвацкі які. А куды ты сваю Джэсі падзенеш? У падвале схаваеш? У нашым пад'езьдзе жыў адзін такі знаходлівы, зь дзьвюма сястрычкамі-блізьняткамі. Гуляў зь імі па чарзе, быццам бы з адной і той жа. Доўга не пагуляў, павязалі. Добрых людзей шмат на сьвеце, вось і данесьлі на яго. І па заслугах! Таму што зь дзьвюма адразу – гэта распуста і выраджэньне.

– Гэта мая справа, куды дзену. Стрыечны брат ізгодны, – схлусіў я лёгка. Прысутнасьць Найды, казачнай Найды, толькі руку працягні, акрыляла. – Дык колькі?

– Стрыечны брат? Ну-ну, – ён чмыхнуў, і Найда павярнула галаву. Чароўны профіль, такі блізкі і такі недасяжны. – Але я ў чужыя справы ня лезу. Калі дакумэнты ў парадку будуць – дык я згодны. Сто тысяч.

– Колькі??

– А ты колькі хацеў? Дурных няма, братка.

 

Сто тысяч! Ды ён звар'яцеў! Сто тысяч! – думаў я ўсю ноч, увесь дзень. Мы вячэралі пад гукі радыё, і я намагаўся не глядзець на Джэсі, а яна нічога не заўважала. Адкуль у мяне столькі грошаў! Пакуль я іх зараблю, Найда састарыцца. Усе круцілася і пераварочвалася ў маёй галаве. Гандлявацца? Гэтая сволач ня скіне кошту, па мордзе відаць, толькі надварот уздыме. Узяць крэдыт? Такіх крэдытаў не даюць. Пазычыць? У каго, столькі! Прадаць кватэру? Нават гэтага ня хопіць. Калі ж адразу і кватэру, і крэдыт, і пазычыць, тады можа быць, можа быць, але падумаць толькі – аддаць усё гэтаму гадзёнку! А Джэсі?

У вялікай тузе я ўстаў і абняў Джэсі, і яна патыкнулася мне носам у вуха, як я любіў. Я прыціскаў яе да грудзей, цёплую, падатлівую, і чуў, як тыхкае ейнае сэрца. Нясьцерпна! Выступілі сьлёзы, пульс скакаў. Я ня мог больш есьці і выкінуў вячэру ў вядро. Я ня мог больш думаць. Трэба было вырашацца зараз жа, вырашацца і дзейнічаць. Я пайшоў у пакой, выбраў два моцныя падкоўдранікі, выбраў моцныя ніткі, і пачаў шырокімі сьпешнымі шыўкамі злучаць іх у мех.

 

Я разьвітваўся з Джэсі каля кнігарні, закрытае на ноч. Джэсі трохі непакоілася, але верыла мне. Родная, ты ж ведаеш, як я цябе кахаю... Але ты ж бачыш, што са мною дзеецца... Я сабе болей не належу, мой розум пакаламуціўся, даруй мне, даруй! Чакай тут, родная, ты ж такая маладая, такая разумная, такая прыгожая, цябе знойдзе вельмі-вельмі добры чалавек, нашмат лепшы чым я, і ты будзеш назаўсёды шчасьлівая!

 

Затаіўшыся за вуглом, я чакаў. Ногі дубелі, але цела спатнела. Месяц, як белы пазногаць. І тут пачулася выцьцё. Няўжо Джэсі? Адзінота, зіма і месяц? Цішэй, цішэй, Джэсі! – шаптаў я ў бок выцьця. Ён пачуе цябе і западозрыць нядобрае! Цішэй! Крокі. Чорныя хмызы бязладна вагаліся на ветры, вагаліся цені, і я выглянуў. Ён. І Найда наводдаль, каханая. Бліжэй, бліжэй. Чуе выцьцё, круціць румянай галавой, кліча Найду да сябе. Зараз!

Гантэляй па патыліцы, і – Найда! Хадзі сюды, ня бойся мяне, цяпер мы будзем разам! Падалася назад, так я і ведаў. Кінуўся, схапіў, наваліўся. О, першае дакрананьне! Мех якраз па памеру, будзь асьцярожная там, каханая. Ты зусім бязважкая, як птушачка! Я бег да вакзала – пасьпець на апошнюю электрычку. Тры перасадкі да Брэста, паўзком празь мяжу, хоць бы завіруха пачалася, а там як-небудзь у Нідэрлянды – такі быў мой плян.

 

– Вашыя дакумэнты.

Я тузануўся спрасонку, ногі балюча здраньцьвелі. Рослы патрульны, за ім яшчэ двое. Нейкая станцыя. Непрыкметна пагладзіў Найду празь мех – усё добра, усё добра, каханая. Працягнуў білет і пашпарт. Патрульны скептычна вывучыў.

– Што ў вас у торбе?

– Рэчы.

– Пакажыце.

– Ня маеце права!

Я адштурхоўваў ягоныя рукі, і двое абышлі мяне ззаду, узяліся моцна. Мяне калаціла. Што карысьці крычаць? Патрульны доўга важдаўся з вузлом, і нарэшце саслабіў. Найда высунула галаву – акуратныя вушкі, вытанчаны профіль – і ўсьміхнулася.

– Так, гэта ён, той самы. Вяжыце яго.

Яны адразу спрытна скруцілі, зьвязалі мяне, і павялі да выхаду. Ірвануўшыся – патрульны спатыкнуўся, страціў раўнавагу і сеў на лаўку – я з усёй намогі павярнуўся і крыкнуў:

– Найда! Я цябе кахаю!

2012 г.