Піліп Ліпень. Апавяданьні

Забойства на вуліцы Касманаўтаў

Сама прыемная частка шляху да службы пачынаецца ад трамвайнага прыпынку. Дзясятак-другі чалавек выходзяць з трамвая разам са мной і расьсейваюцца – хто па дварох і вулачках, хто па булачных і малочных крамках, усе ў пошуках сьняданку. Збочыўшы за рог, я трапляю на вуліцу Касманаўтаў – алею з бухматымі старымі таполямі, дзікімі вішнямі і круглымі кветнікамі. Можна ісці пасярэдзіне алеі, агінаючы клюмбы, або зьлева, па ходніку, уздоўж высокіх сталінскіх пяціпавярховак, або справа, уздоўж праезнае часткі, насустрач тралейбусам і рознакаляровым аўтамабілям.

Жыхары пяціпавярховак ляніва выгульваюць сабакаў, збольш таксаў ды дробных тэр'ераў, але часам можна сустрэць і злавесныя стварэньні накшталт ратвэйлераў, за якімі, праходзячы побач, сочыш зь міжвольнай асьцярогай. Як бы я бараніўся калі што? Душыў? Біў яго галавой аб бардзюр? Усё гэта здаецца ненадзейным і некарысным. Зрэшты, ратвэйлеры не звяртаюць на мяне ніякай увагі, і я таксама забываюся пра іх. Каля крамы мужчынскіх гарнітураў часта курыць, абняўшы сябе пад грудзямі, хмурная пажылая прадаўніца; абуткавая крама яшчэ зачыненая; у стаматалягічнай клініцы беласьнежны доктар цягнецца да форткі.

Часам мяне абганяюць таропкія клеркі, часам я сам абганяю цяжкіх ды павольных бухгальтарак, часам колькі хвілін запар іду за кімсьці сьледам. Напрыклад, за дзяўчынай у вялікіх слухаўках або за хлопцам з поліэтыленавай торбай. У іншыя дні гэты перасьлед забаўляе, у іншыя – раздражняе, і тады я замаруджваю крок, дазваляючы дыстанцыі павольна павялічвацца. Па серадах і чацьвярох насустрач мне праходзіць ярка нафарбаваная жанчына, прысадзістая і непрыгожая, на высокіх абцасах, зь ёй мы традыцыйна абменьваемся кароткім халодным позіркам.

Вуліца Касманаўтаў асабліва прыгожая сухой сонечнай восеньню, з дываном выцьвілага лісьця і са сьветлымі нябёсамі скрозь аголеныя голькі. Узімку алею замятае тоўстай сьнежнай коўдраю, і людзі імкнуцца скараціць сьцяжынку, ідуць напрамкі празь нябачныя заснулыя кветнікі. Увесну заквітаюць белымі аблокамі вішні, і тады хочацца фатаграфаваць ці пісаць эцюды. Улетку на клюмбах квітнеюць жоўтыя і аранжавыя аксаміткі, серабрыцца сівая цынэрарыя. У дождж прыемна схавацца пад таполяй і назіраць, як кіпіць пад кроплямі вада і струменяць раўчукі.

Хлопец з поліэтыленавай торбай круглы год у чорным. У яго размашыстая хада і ільсьнявыя чорныя валасы, відавочна нявымытыя. Чорныя вастраносыя туфлі, чорныя нагавіцы са стрэлачкамі, цельпукаватая чорная куртка. Твар жа наадварот вельмі белы, круглы і друзлы. Улетку ён здымае куртку і апранае чорную суколку, запраўляючы яе ў нагавіцы, і пас пераціскае яго ўскормлены жывоцік на дзьве зморшчыны. Узімку ён носіць чорную вязаную шапку з шырокім адваротам і тоўстыя пальчаткі, якія ледзь пралазяць у дзяржалкі торбы.

Калі я запомніў яго, дык заўважыў, што мы выходзім з трамвая ў адзін час. Ці наадварот, калі мы сталі адначасна выходзіць з трамвая, я яго запомніў. Ён завёў звычай абганяць мяне, пацешна выпінаючы грудзі, і дзелавіта тупаць у дваццаці мэтрах наперадзе. Аказалася, што мы служым у адным будынку, і нават на адным паверсе: мы падымаліся разам у ліфце і, здаралася, сустракаліся ў прыбіральні. Кожным разам я скептычна разглядаў ягоную недарэчную постаць. Чаму ён заўсёды ў чорным? З дрэннага густу, зь нелюбові да праньня? Ці ў гэтым ёсць нейкі загадкавы сымбаль?

На выгляд яму было каля дваццаці, і ён жыў з бабуляй, я ўпэўнены. У ім адчувалася моцная сарамлівасьць, заціснутасьць, але ў той жа час і ганарлівасьць. Што ён носіць у сваёй торбе? Напэўна, бабуля кожную раніцу зьбірае яму абед. Зрэшты, торба нязьменна была пляскатая – які абед можа быць плоскім? Піца? А пасьля навагодніх вакацый ён зьявіўся з чорнай скураной сумкай на тонкім пасіку, перакінутым праз грудзі як у паштаўніка. Цяпер ён трымаў галаву яшчэ вышэй – ганарыўся бабуліным калядным падарункам.

Я пачаў азірацца ў трамваі, спрабуючы ўгледзець яго загадзя, але натоўп перашкаджаў, і мне гэта так ані разу і не ўдалося. Ён заўсёды выскокваў зь іншых дзьвярэй, сама апошні, і, выпрастаўшы плечы, наганяў і абыходзіў мяне то зьлева, то справа. Крокі-пляскі. Ён жмурыць вочы, тлустыя валасы пабліскваюць на сонцы. Калі я іду ўздоўж дамоў, ён збочвае на алею, калі алею абіраю я, ён тупае уздоўж праезнае часткі, даводзячы, што ён хітрэйшы і спрытнейшы. Сьмешнае спаборніцтва, у якім яму са дня ў дзень не надакучае перамагаць.

Можа, пасябраваць зь ім? Я пачаў уяўляць карціны, як мы сябруем. Вось мы ківаем адзін аднаму ў трамваі, вось спускаемся разам па стромкіх прыступках, абыходзячы булачныя і малочныя крамкі, вось збочваем на алею. Мы абмяркоўваем сабакаў, углядаемся ў неба, спрабуючы здагадацца пра заўтрашняе надвор'е, расказваем, як змаялі выходныя, узгадваем сьмешныя школьныя выпадкі. І вось, нарэшце, ён дзеліцца сама патаемным: паволі-паволі расчыняе пляскатую чорную сумку, і я зазіраю ўнутар...

Спрыяльны выпадак для знаёмства трапіўся празь дзень: мы разам увайшлі ў ліфт, толькі ўдваіх. Хто націсьне гузік? Націскае ён: доўгія пальцы, звужваныя да пазногцяў, сітаватая скура. Тонкі лісіны носік, зьлёгку падоўжаны, рэдкія чорныя вусікі, занадта маладыя каб галіць. Трэба мімалётна ўсьміхнуцца яму і сказаць якую дробязь. Але ягоны лобік так засяроджана схмураны, чорныя вочкі так уважліва глядзяць кудысьці ўверх, шчокі так важна надзьмутыя. Не, мне ня хочацца зь ім гаварыць! Ён раптам становіцца мне агідны, прэч.

З таго дня я стаў мэтадычна пазьбягаць яго. Садзіўся ў трамвай крыху пазьней ці крыху раней, а потым адцягваў час, купляючы булачку, ёгурт ці апэльсінавы сок. На алею не выходзіў, блукаў блытанымі дварамі і прабіраўся паміж прыпаркаванымі аўтамабілямі, шукаючы арку. Не чакаючы ліфта, узьбіраўся па лесьвіцы пешшу, у прыбіральню спускаўся паверхам ніжэй. Гэтак я правёў месяц ці два, пакуль не ўсьвядоміў, што жыцьцё маё занадта ўскладнілася і што я губляю вуліцу Касманаўтаў. І як па-дурному! Празь нейкага хлопца ў чорным! Хіба ня хопіць месца на алеі нават для сотні мінакоў?

І наступнай раніцай я з палёгкай вярнуўся да ранейшага распарадку. Збочыўшы за рог і прадчуваючы сустрэчу з алеяй, па якой даўно засумаваў, я пачуў за сьпіной знаёмыя крокі-пляскі. Абганяючы мяне, ён закрануў маю руку сваёй і, не прабачыўшыся, пайшоў наперадзе. Я ўспыхнуў. Гэта ўжо занадта, гэта ён знарок, гэта ні ў якія межы, бо тут чацьвёрым можна разьмінуцца! Гэй, ты! Ціха, трэба гучней. Гэй, ты!! Не збаўляючы ходу, ён паўабернуўся, але, як бы не знайшоўшы падставы азірацца цалкам, зноў павярнуў галаву перад сабой.

Я дагнаў яго каля абутковай крамы, ірвануў за плячо. Што такое, што табе трэба?.. Пусьці!.. Я штурхнуў яго ў уваходную нішу, прыціснуў да зачыненых дзьвярэй і ўчапіўся яму ў горла. Россып карычневых радзімак на белай скуры, дробныя вострыя зубы, цьвілы подых. Ён нешта шыпеў, вырываўся і плазаваў цяжкім целам, але быў надта слабы. Чарната і нянавісць пульсавала ў мяне ў вачох, я рыкаў і душыў яго, сьціскаючы рукі ўсё мацней. Ён брыкаўся, наступаў мне на ногі, пэцкаў мне нагавіцы, і я сагнуў, паваліў яго, пачаў з розмаху біць галавой аб бардзюр.

Праз хвіліну, устаўшы і атрэсіўшы вопратку, я, не азіраючыся, пайшоў прэч. Сэрца калацілася, і я некалькі хвіляў дыхаў глыбока, каб супакоіцца. Увайшоў у арку, пасядзеў на лаве ва двары, стрымліваючы рукі, што дрыжалі з напругі. Усё, усё. Купіў ёгурт і булачку, павольна зьеў, стоячы каля крамы. Міма праплыла ўперавалку бабуля зь дзьвюма важнымі мопсамі, бліснула сонца ў фортцы стаматалягічнае клінікі, прагудзеў аўтамабіль. Верабей пырхнуў мне пад ногі, палюючы буйную дробку, і я адшчыпнуў яму кавалачак мякішу.

Зараз, мінуючы абутковую краму і ўспамінаючы той недарэчны эпізод, я больш не адчуваю гневу, толькі сум ды віну. Магчыма, я зрабіў нешта ня так, магчыма, я дужа эмацыйны і занадта схільны да пачуцьцёвых уплываў? Ягоная бабуля напэўна смуткуе, а я не магу папрасіць у яе прабачэньня, я нават ня ведаю імя і адраса. І я так і не зазірнуў у тую таямнічую чорную сумку... Затое вуліца Касманаўтаў стала мне яшчэ даражэйшая. Узімку я купіў чаравікі ў той самай абутковай краме, а ўвесну сфатаграфаваў прыгожую вішню ў кветках. Ад іх столькі пялёсткаў! Дасылаю вам фотаздымак.

Вуліца Касманаўтаў

2011 г.