Піліп Ліпень. Апавяданьні

Кветкі дыктатару

Мне адзінаццаць ружаў, вунь тых, чырвоных. Так. І загарніце ў газэту цалкам, каб не памёрзьлі. Дзякую.

Зь пераходу асьцярожна – не пасьлізнуцца на зьледзянелых прыступках, не зваліцца на букет. Наверсе холад, зімовы вецер, рукі стыгнуць. Цьмянае сонца, гурбы, сьцежкі. Уздоўж сьцежак, зьвярнуўшы журботныя твары да Рэзідэнцыі дыктатара, што шарэе скрозь голькі, стаяць доўгай чаргой удовы і сіроты. Бестэрміновы пікет – фатаграфіі бязьвінна пакараных, сьвечкі, іконы. Праводзяць мяне вачыма – бачаць букет, і кожная думае, што ейнаму мужу ці сыну нясу. Міма, міма, разганяюся і сьлізгаю па раскочанай ледзяной палосцы. Падціскаюць вусны. Праз брук, праз ланцужок, наўпрост да галоўнага ўваходу. Адусюль камэры. Насустрач стражнік: вы куды? Пропуск ёсьць? Я нясу кветкі! Як каму? Яму! Разгортваю хутка, каб не пасьпеў усумніцца. Дзівіцца на бучныя ружы, а я імкнуся міма. Ловіць за локаць: стой, нельга! Ну, тады перадай, братка, трымай. Стражнік застаецца з кветкамі, са сьняжынкамі на бушлаце – як у кіно пра ваеннае каханьне – а я сьпяшаюся назад, кулакі ў кішэні. Удовы і сіроты горбяцца зь нянавісьці, шэпчуць усьлед: здраднік, пёс, паскуда! За колькі срэбранікаў прадаўся тырану, пачвара? Задарма я, задарма.

Мне адзінаццаць ружаў, вунь тых, чырвоных. Так. І загарніце ў газэту цалкам, каб не памёрзьлі. Дзякую.

Вечар, у скверыку цёмна, рухаюцца цені дысыдэнтаў. Іду напрасткі: сьцежка, гурба, брук. Вартаўнікі напярэймы: вунь ён! Стаяць! Так, гэта ён, учорашні! Дай сюды! Сюды, кажу, сука! Хапаюць за плечы, вырываюць букет, мнуць, піхаюць у скрыню. Чырвоныя пялёсткі рассыпаюцца па сьнезе. Штурхаюць у сьпіну: валі адсюль! І больш не пападайся, хутка жартаваць адвучым! Дысыдэнты абкружаюць, усьміхаюцца худымі шчокамі, глядзяць па-сяброўску: вось падлюга дыктатар, нават кветкі нішчыць! моцна стукнулі? ты чый? акцыяніст? добра прыдумана! Не, я сам па сабе. Сьпяшаецца журналіст, дыхае круглымі вуснамі на дыктафон: што вы хацелі выказаць? Тое, што я раб і жадаю поўзаць. Падрабязьней, прашу вас! Няма чаго падрабязьней; ён – дыктатар, тыя – гордыя змагары, а я – нізкі раб, і адзінае маё жаданьне – схіляцца. Што, што, што? – калышуцца цені, гараць зьдзіўленыя галодныя вочы. Што за лухта? Хіба ня сьцеляцца рабамі і без таго тысячы? Так, але яны – несьвядома; я ж сьвядома. Не хачу выціскаць зь сябе раба ні па кроплі, ні як! Хачу раба асыміляваць, хачу раба абсарбаваць! У пагардлівым маўчаньні дысыдэнты адыходзяць, даючы мне дарогу. Плююць пад ногі: сучын сын, пся крэў. Журналіст грэбліва сьцірае запіс.

Мне адзінаццаць ружаў, вунь тых, чырвоных. Так. І загарніце ў газэту цалкам, каб не памёрзьлі. Дзякую.

Раніцай асабліва холадна, дворнікі ў тоўстых кажухах грабуць і кідаюць бляшанымі рыдлёўкамі. Вартаўнікі заўважаюць мяне здалёк, падыходзяць, бяруць пад локці, вядуць да ўваходу. Разгортваюць букет, дадаюць лапкі папараці і стужкі. Паднімаемся па дыванах у тронную залу, да дыктатара. Дыктатар чысьціць зубы, мы ўрачыста чакаем. Уціраючыся ўзорным рушніком, крочыць да мяне маленькімі ножкамі, бярэ букет, нюхае. Ну, чаго табе трэба? Галасок у дыктатара тоненькі, валасок рэдзенькі. Жадаю поўзаць, валадар! Што? – блакітныя вочкі дурнеюць ад нечаканасьці. Ну добра, ты мне падабаесься; хочаш, дам табе саўгас? А падымеш саўгас – дам вобласць? Асьмелюся адмовіцца, валадар, жадаю толькі сьцяліцца. Ну, сьцяліся! Апускаюся на калені і танцую: выгінаюся тазам, пляскаю па грудзях, па нагах, напяваю «купалінка-купалінка!» Падаю на падлогу і хутка паўзу да ягоных ножак, выцягваючы вусны. Ускрыквае, адскоквае: дык ён жа прыдурак! Ганіце нахрэн адгэтуль яго! Адмарозак кончаны. Штурхаюць: кулём лячу па дыванах, па дыванах, у гурбу. Дворнікі абыякава кураць. Гасяць недакуркі, беражліва хаваюць у рукавы і набліжаюцца. Павольна, паціху закідваюць сьнегам, асымілююць мяне зь зімой. Удовы і сіроты, дысыдэнты і дыктатар, вартаўнікі і кветачніцы – моўчкі назіраюць.

2011 г.