Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 12C

Пра лета

Лета. Цішыня і ціхмень. Ляжыш у гамаку, у дрэўным цяні, лянуесься. Сьпякота з самае раніцы, а да поўдня прадметы пачынаюць плавіцца і плыць. Павекі ўнутры ярка-барвяныя.

Дзесь далёка брэша сабака, павольна, вельмі павольна. Тоненька рыпае галінка пад пятлёй гамака. Пралятаюць мушкі. Садзяцца табе на распаранае плячо, труць лапкі.

З мушкай можна пасябраваць. Прывітаньне, мушанька, – кажаш тоўстымі са сьпёкі вуснамі. Глядзіць на цябе рашучымі зялёнымі вачыма. Мушанька, а мушанька? Прынясі мне халоднае вадзіцы ды вуууунь той яблычак, з чырвоным бачком? Мушка добранькая – слухаецца, прыносіць. І ляціць імкліва па сваіх справах.

Павучкі, конікі, далікатныя бярозавыя вусенькі – мае мілыя сябры.