Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 120

Пра сьмерць Валіка

Мой брат Валік час ад часу губляў смак да жыцьця. Ён кідаў жывапіс, адварочваў мальбэрты да сьцяны і дні напралёт ляжаў на канапе, пазіраючы ў столь альбо ў шпалеры. Зрэдку ён выходзіў на кухню, каб паесьці печыва, але гэта відавочна не давала яму ніякага задавальненьня. «Ды што з табой, Валік? Здарылася штосьці? Карціна не ідзе?» – пытаўся я. Але ён адказваў, што карціны яго больш не цікавяць, і наогул нічога не цікавіць. «Бачыш зэдлік? Бачыш стол? Нават яны мне не цікавыя. Я доўга любіў іх, але зараз усё скончана. Я ўжо ўсё спазнаў, Ролю, ужо пражыў сваё жыцьцё. Яно болей ня любае мне. Унутры ў мяне холадна й пуста. Я памёр. Сьмерць». Ды як жа так! Я тармасіў Валіка, напяваў яму нашыя ўлюбёныя песенькі, цягнуў купацца на возера, распальваў камін, каб ён паглядзеў на агонь, запрашаў у кіно на ранішні сэанс. Толік расстаўляў шахматы. Ягоныя дачкі заклікальна махалі бадмінтоннымі ракеткамі. Белыя сабачкі скакалі й весела гаўкалі. Хуліё тэлефанаваў сяброўкам, тыя ахвотна зьбягаліся й паглядалі на Валіка зазыўна і абяцанна. А мама ў гэты час, зьняўшы бранзалеты і пярсьцёнкі, зьбірала парэчку, агрэст і пякла свой фірмовы пірог. З паху мамінага пірага кружылася галава! Сяброўкі Хуліё голадна прынюхваліся. Але Валік вяла зьядаў кавалак, дзякаваў і ўставаў, накіроўваўся да свайго пакою. Дзяўчын ён абыходзіў па выдаленай дузе. Нічога не дапамагае! Колік спыняў яго, наліваў гарэлкі, расказваў анэкдоты і байкі. Валік сядаў, піў, але не весялеў і не п’янеў, а потым раптам засынаў.  І наступнай раніцай усё паўтаралася.

І вось мы ўзлаваліся.

Але тата сказаў, што ведае, што рабіць.

Празь дзень мы ўвайшлі да яго. «Падымайся!» – загадаў тата. Валік павярнуўся сьпіной і папрасіў пакінуць яго. Не, падымайся! Колік і Толік схапілі яго за рукі. Ён упіраўся, але мы былі дужыя. Ідзіце к чорту, хлопцы... Але мы груба вывалаклі яго з пакоя ў хату, з хаты на двор. У двары стаяла сьвежая чорная труна. Побач – сырая магіла, камякі зямлі, карэньчыкі травы. Кладзіся ў труну! Валік не хацеў. Колік трэснуў яму па галаве, а Толік даў пад дых. Яны зьбілі яго з ног і штурхнулі ў труну. Упаў, стукнуўся галавой. Ня рыпайся! Ты ж памёр! Вось табе сьмерць! Паднялі цяжкую накрыўку, навалілі з глухім драўляным стукам. Прышчыкнулі непакорлівыя пальцы, запхалі ўнутар. Малаткі, цьвікі! Валік крычаў ўнутры. Апускайце яго! Ён біўся ўнутры, плакаў.

Увечары выпусьцілі.

Глядзелі асьцярожна – ці не пакрыўдзіўся?

Але Валік не пакрыўдзіўся! Ён пацягнуўся зацёклымі рукамі, паскакаў нагамі. Усьміхаўся. З задавальненьнем зьеў заўчарашняга пірага, потым зьеў супу й выпіў гарэлкі. Паставіў Толіку мат, і нават ляпнуў сяброўку Хуліё па азадку! Потым пайшоў да сябе і зашоргаў мальбэртамі. «Здаецца, атрымалася», – сказаў тата.