Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 116

Пра існаваньне мамы

Аднойчы ў нядзелю, з самага ранку, калі мы з брацікамі яшчэ песьціліся ў ложках і, гледзячы ў столь, разважалі над убачанымі снамі, Колік сказаў: а што, калі наша мама ў сапраўднасьці не існуе? Іншым гэтая фраза магла б падацца неадназначнай, з выразнай нястачай тлумачэньня, але мы адчулі сэнс імгненна, і ў паветры зазьвінела трывога. Мы апусьцілі ногі на прахалодную падлогу і ў задуменьні варушылі пальцамі. Мы з надзеяй абмацвалі локці нашых начных кашуляў: бо калі яны зацыраваныя, дык гэта ж довад?.. Мы высунуліся ў вакно, мы выскачылі на лесьвіцу і закрычалі – мама, мама! – і яна адгукнулася зьнізу, заклапочана і адначасова весела – бяжыце мыйцеся, толькі ня ўсе разам! Мама прыгатавала нам просты пірог зь яблыкамі, і хіба сама ягоная прастата ня была довадам? Мы кусалі гарачы пірог, і тата кусаў гарачы пірог, агаляючы белыя зубы, але ў існаваньні таты мы не сумняваліся, дакладней, ягоная сапраўднасьць нас не трывожыла, нават каб ён аказаўся ўяўны, мы б не зьдзівіліся. Калі мама праходзіла міма, мы непрыкметна працягвалі руку, дакранаючыся да сукенкі, мы чапалі яе за мокрую руку, мы ўслухоўваліся ў ейны голас. Як мы маглі яшчэ запэўніцца? Толік перакуліў гарбату, каб яе раззлаваць, і яна раззлавалася: сьвежы абрус! Але ці не хаваюцца за прадказальнасьцю змрочныя прорвы? З бясьсільля мы не маглі есьці, і тата ахвотна даядаў нашыя порцыі, і зьбялелы Валік пусьціў па крузе цыдулку: мы можам даведацца, ці існуе яна, толькі калі яна перастане існаваць. Хуліё зарыдаў і кінуўся, і абняў яе за ногі, а яна, даведаўшыся, ў чым справа, засьмяялася й распусьціла валасы – дзіўная, нечаканая рэакцыя! «Так, так! Мяне не існуе!» І яна, накінуўшы плашч, зьехала некуды на ўвесь дзень, спачатку на біенале, потым у тэатар, потым у рэстарацыю. І як ні дзіўна, менавіта гэта пераканала нас стоадсоткава!