Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0E4

Пра цёмных ды сьветлых існасьцяў

Увечары Хуліё ўзбуджаны, ускаламучаны, удзень – выглядае спакойным і ўраўнаважаным. Стоячы на бальконах (дзіўны дом: у суседніх пакоях – асобныя бальконы), мы блазнавалі, перакідваліся скрынкай з запалкамі, перагіналіся ўніз і абмяркоўвалі магчымасьць адвольнага кіраванага перанясеньня каханьня з аб’екта на аб’ект. Прыкладам, калі А запаліла ў табе агонь, але ёй ці табе гэта не да часу ці не да месцу – ці можна перамясьціць каханьне на В без істотных стратаў магутнасьці? Каб дабру, як кажуць, не прападаць? Хуліё, у процівагу ўчорашнім захапленьням, бравіраваў і сьцьвярджаў, што перанясеньне магчымае. А я, захапіўшыся развагамі, выпусьціў скрынку з рук і прайграў.

Потым пачалося зноў. Пакуль я заварваў локшыну, Хуліё хутка-хутка пісаў алоўкам у нататніку – фармуляваў свае сёньняшнія сымптомы. Зачытаў:

1. яна здаецца мне верхам дасканаласьці (я кіўнуў);

Ён зірнуў і сказаў, што навошта так недаверліва ківаць, што лепей за яе ён і на самой справе нікога й ніколі не сустракаў! Ён з выклікам пазіраў, гатовы даказваць і спрачацца. Я прамаўчаў. Ён працягваў.

2. цікавасьць да іншых жанчынаў зьнікла зусім;

3. цялесная прага да яе зьмянілася на цеплыню й пяшчоту;

4. падумаеш пра яе – і адразу гарачы мёд па венах (я не ўтрымаўся, падняў брыво);

5. і наогул, ні пра што, акрамя яе, не магу думаць!

Я падсунуў яму талерку, і мы елі. Ён разамлеў, разьмякнуў. Ягоная ўсьмешка блукала па кухоннаму начыньню, погляд пранізаў прадметы, дасягаючы іхнае ісьціны. І ўсё ж такі мы заспрачаліся (ягоныя вочы загарэліся шалёным агнём, рукі ўчапіліся ў крэсла):

а) аб’ект значны; ты закахаесься, калі аб’ект блізкі да твайго ідэалу;

б) аб’ект нязначны; ты закахаесься, калі ў цябе ёсьць патрэба закахацца.

«Ролю, ты варты спачуваньня ў сваёй няздольнасьці зразумець!» – сказаў ён мне у канцы, сыходзячы ў свой пакой. Ён хіснуўся ў пале каханьня і ўчапіўся ў вушак. «Раскласьці табе, Хулі?» «Сыдзі».

Ноччу ён прыходзіць да мяне і садзіцца ў нагах, панурыўшы галаву.

Я: Кінь, брат. Вось паслухай – я гэта прачытаў у старцаў – калі ты сумуеш, дык лепшы сродак лячэньня – гэта ўявіць, што твая туга ня ёсьць вынікам тваіх пачуцьцёў і пакутаў, а ёсьць насланьнём. Нябачныя цёмныя існасьці віруцца вакол цябе, выклікаюць у табе смутак і старанна ўзгадоўваць яго, каб потым харчавацца выпарэньнямі атручанай душы. Гані, гані іх, Хулі! Кыш, падлы! Прэч! І адразу лягчэй становіцца – пэўна табе кажу.

Хуліё: Але ў такім выпадку лягічна выказаць здагадку, што калі табе добра й весела – гэта ня меншае насланьнё. Так-так, сьветлыя існасьці спакваля закладваюць у цябе мушыная лічынкі радасьці, гадуюць – і прагна імі насычаюцца. Глядзі, як палаюць іхныя сквапныя вочы! Кыш, кыш, паразыты!

* перапалоханы шолах крылаў, карканьне, крактаньне *