Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0C0

Пра адрозьненьні

Калі мы былі маленькія, нас заўсёды зьдзіўлялі пакуты аднагодкаў, якія быццам шукаюць і не знаходзяць адрозьненьняў паміж мамай і татам. Усе гэтыя тэлеперадачы, кніжкі, дактары са сваімі шматпавярховымі тэорыямі – мы глядзелі на іх з жалем і крыху пагардліва. У нашых мамы й таты адрозьненьні былі выпуклыя, выразныя і запаміналіся выдатна.

Па-першае, мама сыпала ў гарбату дзьве лыжачкі цукру, а тата – тры. Мы не аднойчы крадком перамянялі іхныя кубкі, ужо прыгатаваныя, і яны імгненна адчувалі няслушнасьць слодычы: тата моршчыўся і выплюхваў гарбату ў рукамыйніцу, а мама хмурылася, адсоўвала кубак і казала, што вып’е пазьней, але ніколі не выпівала.

Па-другое, мамчын наказ нязьменна складаўся з сарака пяці слоў, а татаў – са ста дванаццаці. Куды б мы не накіроўваліся, хай нават цераз дарогу па квас, яны настойліва прамаўлялі нам наказ, жадаючы здароўя ды дабра, і нагадвалі пра правілы прыстойнасьці, адпаведныя дзяцінству: мама – крыху стрымана, тата – болей шырока.

Па-трэцяе, на наша частае пытаньне «матухна, ну чаму мы такія мярзотныя?» мама пляскала рукамі й суцяшала нас: «што вы, вы ніякія не мярзотныя, вы вельмі нават добрыя», і пералічвала прычыны і ўчынкі, якія рабілі нас несумненна добрымі. Тата ж на такое пытаньне адказваў зусім інакш: «нічога, дзеткі, гэта нічога, усе людзі мярзотныя, і я мярзотны, і матуля таксама, а пра суседзяў я наогул лепей прамаўчу».

Гэта трэцяе мае брацікі ўспрымалі гэтак жа, як гарбату ці наказы – як пацешную неістотную другаснасьць; але мяне яна выбівала з каляіны, і я надоўга заставаўся быццам між двух крэслаў, у трывожнай няўпэўненасьці, якая ледзь чутна зьвінела на фоне будзённага жыцьця. Здаралася, я нават пачынаў зьвяртаць увагу на тэлеперадачы, на кніжкі, прыслухоўвацца да дактароў, пакуль штосьці радаснае не адцягвала мяне, і я з паўусьвядомленай палёгкай не забываў.