Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 0A5

Пра мірыяды часьцінак

Калі мой брат Хуліё адчуваў, што закахаўся, ён у той жа дзень ішоў на пошту і набываў новы тэлефон. Распараны са сьпёкі, ён уваходзіў, пасылаў нам лагодны погляд і, не здымаючы сандаляў, сядаў да стала. Мы абставалі яго, прасілі паказаць мэлёдыі, але ён адганяў нас, і не даваў нават нумару. Шорхаючы пэргамэнтам, ён разгортваў тэлефон, калыхаў яго на руках, увільгатняў подыхам і праціраў гузікі шматком аксаміту. Мы назіралі з кутоў. Ён усоўваў батарэйку, уводзіў у памяць нумар каханай і пяшчотна гладзіў экранчык. «Кахаю, кахаю цябе!» – выдыхаў Хуліё. Ён хаваў тэлефон на грудзях, пакідаў нам для забавак кардонку, а сам сыходзіў у аранжарэю, аддавацца мроям. Мы назіралі звонку, скрозь ішкло ды апэльсінавае лісьце, як ён, закінуўшы галаву, шэпча вершы, як праводзіць пальцамі па вуснах, як павольна разгойдваецца. Часам ён ускідаўся і пачынаў складаць каханай прызнаньне, гадзінамі падбіраў словы, мучыўся, а потым выдаляў усё, бо словы слабыя, і надоўга прыпадаў да экранчыка пацалункам. Мы плямкалі па шкле панамай ці плаўкамі, і Хуліё ўздрыгваў, але не зьвяртаў на нас увагі. Мы хадзілі вакол, назіралі і ўсё чакалі званка, каб пачуць, якая зайграе мэлёдыя, і ўбачыць, як Хуліё будзе прызнавацца. Але ягоны тэлефон не званіў ніколі. Бывала, да самага вечара ён праходжваўся між пульхнымі ялінкамі морквы, мучыўся, таміўся, нібы тлеў; але потым раптам успыхваў, хапаў люстэрка, шчотачку, папраўляў прычоску і, раскінуўшы рукі ды зачыніўшы вочы, усклікаў ва ўсе грудзі кудысьці ўверх: кахаю, кахаю!

– Ах, братцы! – нарэшце Хуліё выходзіў, і ягоныя вочы гарэлі, шчокі палалі, – я перапоўнены каханьнем! Знутры бурліць, булькоча, уздымаецца! Тугі ток крыві! Калі я бачу жанчыну, я адчуваю – я магу зрабіць яе шчасьлівай! Любую! Нават кульгавую п’янічку! Калі б я быў зь ёй, яна б не была такая! Оо, якая б яна была! Сьвет пасьмешкі, чырвань радасьці, вочы-зоры! Я б напоўніў яе жыцьцём – паўнаважкім, паўнавартасным! Усіх, усіх жанчын! Кожная бясконца цудоўная! Я хачу разарвацца на мірыяды часьцінак – і не магу! Я хачу зрабіць шчасьлівымі ўсіх!

Мы хмыкалі.

– Ты хоць бы адну зрабі шчасьлівай, вось тады й паглядзім, – значна казаў Толік.

– Эх! Пра што мне з вамі! Мужыкі! – ён махаў рукой і сыходзіў марыць у ноч, у зоры.