Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 093

Пра каханьне і запалкі

Увясну мы з брацікамі любілі сядзець на вэрандзе, паліць запалкі і размаўляць. Толік умеў выцягнуць запалку са скрынкі й падпаліць яе адной рукой, Хуліё ўмеў сунуць падпаленую запалку ў рот, а Колік саскрабаў серу, загортваў у бляху ад кансэрвавай банкі і рабіў пэтарды. І чамусьці відовішча агня, хай і мізэрнага, натхняла нас на размовы пра каханьне, калі асабістыя і прадметныя, а калі й няўклюдна-агульныя.

– Калі хочаш спраўдзіць сваё каханьне, – уздымаў раптам паказьнік Толік, – трэба адкінуць ейную зьнешнасьць. Уявіць яе бязь цела й падумаць, за што яшчэ яе можна кахаць. Калі знойдзецца, за што – дык гэта й ёсьць сапраўднае каханьне. Бо цела тленнае.

– Не, Толік, – адказваў натхнёна Хуліё, – сапраўдным каханьнем кахаюць менавіта за прыгажосьць. Прыгажосьць – гэта боская іскра, і ў часовасьці – ейная праўдзівасьць. Кахаць мінучае – вось сапраўдны арыстакратызм духу! Вечнасьці прагне толькі баязьлівец альбо дурань.

– Што вы вярзеце? – абураўся ў такія моманты Колік, – хіба не зразумела, што кахаць за нешта – гэта нізасьць? Прыгожае цела, шчырая душа, тонкі густ аб’екта – гэта ўсё толькі мыліцы для вашага каханьня! Адкіньце іх! Вы можаце хадзіць! Сапраўднае каханьне ня ведае прычынаў.

Яны глядзелі на мяне, але мне было няма чаго сказаць, і я нічога ня ўмеў рабіць з запалкамі. Я казаў толькі: «я люблю вас, брацікі!» – і лашчыўся. «Але мы не пра гэта!» – хмурыўся Толік. «Ён як раз пра гэта!» – заступаўся Хуліё. «Не пра гэта ані ён, ані мы!» – заяўляў Колік. Ну а Валік дык і зусім грэбаваў спрэчкамі, ён увесь час працаваў: бяз стомы майстраваў з запалак хаткі, дрэвы, чалавечкаў і нават сэрцайкі.