Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 06F

Пра мізэрнасьць

У гады майго дзяцінства жыхары нашага мястэчка былі ўсе як адзін вельмі пабожныя і мкнуліся да рэлігіі ў любых формах і праявах. Царквы, касьцёлы, мячэці, сынагогі, пагады дзесяткамі мясьціліся ў цэнтры, працавалі кругласутачна і ні гадзіны не пуставалі, ня кажучы ўжо пра выходныя і сьвяты, калі да іх з усіх закуткаў цягнуліся прыбраныя чаргі. У нашай сям'і таксама аддавалі належнае рэлігіі – два-тры разы на тыдзень мама апранала хустачку і хадзіла ў праваслаўную царкву, а тата па аўторках і чацьвяргах ваксаваў да бляску пантоплі і ехаў да саентолягаў. Нас з брацікамі бацькі выпраўлялі на службы па раніцах ў нядзелю, але дакладных канфэсіяў не навязвалі і рабілі толькі адну ўмову: вярнуцца не раней абеду.

Пхацца і нудзіцца ў чэргах мы не любілі, і таму агіналі цэнтар і выходзілі на вуліцу Талстога, прамую, даўгую, усю ў старых таполях і двухпавярховых купецкіх будынках. На гэтай старадаўняй вуліцы сяліліся тыя, хто не здавольваўся афіцыйнымі плынямі і бажаў прапаведаваць сам. У кожных дзьвярэй стаялі адэпты новых вучэньняў і запрашалі да сябе гараджан, якія павольна шпацырылі міма ў пошуках ісьціны. Гэта нагадвала вуліцу Дастаеўскага, вядомы раён бардэляў, але калі там цябе цягнулі за руку вульгарныя хрыплыя цёткі, дык тут пераважалі ціхія і чысьценькія дзядзі, у сьветлых штанах са стрэлачкамі. Мы абіралі якога аднаго і заходзілі на гарбату зь печывам.

Самы просты і зразумелы быў прапаведнік мізэрнасьці, дзядзя Коля, сівенькі, худзенькі, зь зіхатлівымі вочкамі. Ён усаджваў нас на канапу, частаваў фіялетавымі сьлівамі з трэснутым бачком і вучыў:

  – Шчасьце ў мізэрнасьці, дзеткі. Скіньце гонар, утапчыце яго ў бруд і пасыпце зьверху сьмецьцем. Усе беды чалавека і чалавецтва – праз гонар. Хочаце быць свабоднымі? Будзьце мізэрнымі. Вам больш ня трэба ні намагацца зрабіцца лепш за іншых, ні саромецца недахопаў. Вось у мяне пытаюцца: кім ты працуеш? А я пасьміхаюся ім у твар і кажу: я не працую, бо нічога ня ўмею... А дзе ты вучыўся? Я вучыўся на памыйніцы... Якое ў цябе аўто? Я да таго ўбогі, што ў мяне няма нават ровара... Ты чытаў Юнга? Не, я да таго тупы, што наогул зь цяжкасьцю чытаю... Табе падабаецца фрыкасэ і кюрасао? Не, я ем ролтан і запіваю вадой з крана... Ты быў у Амстэрдаме? Не, я далей гастранома зроду не выбіраўся... І тады яны губляюць цікавасьць і сыходзяць, а я яшчэ на адзін крок набліжаюся да канчальнага шчасьця і да Творцы. Вы думаеце, Творца вялікі і бліскучы? Не, дзеткі, Творца мізэрны.

– Але як жа Ён у такім выпадку стварыў неба і зямлю? – слушна пытаўся Толік.

– Вось так і стварыў, як умеў, і вельмі добра атрымалася, асабіста мне ўсё даспадобы без выключэньняў. І калі вас спытаюць, дзеткі, вы таксама адказвайце: вам нешта не падабаецца? вы чымсьці незадаволеныя? дык у чым жа справа? ідзіце к чорту!