Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 02A

Пра целы

Нам з брацікамі з малога маленства хацелася сабаку. Хоць якога, хоць сама зачуханага мопса, хоць сама беспароднага дварняка, хоць нават коціка. І вось аднойчы ўвечары мы ня вытрымалі і пайшлі да таты. Ён, як звычайна, сядзеў на бальконе і еў чарэшню.

– Ну і навошта вам сабака?

– Ну... Мы будзем зь ім гуляць, будзем зь ім сябраваць, будзем яго даглядаць. Мы навучым яго прыносіць табе тапкі!

Тата рагатнуў і перапытаў, ці сапраўды мы хочам сабаку. Сапраўды? Так, так, татухна!

– О, наколькі сьмешны чалавек у сваіх жаданьнях... Вы, дзеткі, падобныя да мітычнага Тантала, але Тантала звар'яцелага, які стаіць у вадзе і ня бачыць яе, і зьнемагае са смагі.

– Ты маеш на ўвазе, што ў нас ёсьць сабака, але мы ня бачым яго?

– Так, дзеткі! І гэты сабака – ваша ўласнае цела.

– Цела?..

– Цела. Жывёльная абалонка, падараваная вам Госпадам. Гэта грубая памылка, дзеткі, утоесаміць сябе зь целам. Вы разумееце?

– Разумеем...

– Калі разумееце, дык чаму б вам не ўспрымаць сваё цела як адасобленую істоту? Вось глядзіце: я частую сваё цела чарэшняй. Гам. Гам. За гэта я прашу цела падняць руку дагары. Глядзіце! Бачыце, як яно слухаецца? Цела такое можа, што сабаку й ня сьнілася! Глядзіце: маё цела размаўляе з вамі. Яно і чытаць умее, і пісаць, і лічыць. Хіба сабака на гэта здольны? Вось як. Памяркуйце пра гэта. А я пакуль выведу сваё цела на шпацыр.

Татава тэорыя моцна ўразіла нас, і мы меркавалі да позьняе ночы. Крыху паспаўшы, мы ўскруціліся ўдосьвітку і пачалі вывучаць са сваімі целамі першыя простыя загады, і, бяссумна, дасягнулі б значных посьпехаў, каб ня матухна. Матухна расшалопала, што адбываецца, і назаўтра ж прынесла аднекуль двух белых сабачкаў невядомай пароды, надзвычай добрых і ласкавых. Сабачкі сталі жыць у нас. Яны гаўкалі, гойсалі адзін за адным па гароду, і больш за ўсіх любілі маму, бо яна іх карміла.