Піліп Ліпень Гісторыя Ролянда 01A

Пра прэсную ваду

Калі мы былі маленькія, тата амаль кожны вечар заходзіў пакласьці нас спаць, накрываў коўдрамі і распавядаў казку. Тата ведаў мноства змрочных і страшных казак, і такія мы любілі больш за ўсё, але часьцютка ён перамяжаў іх добрымі і аптымістычнымі, у выхаваўчых мэтах. А часам трапляліся гісторыі, у якіх наогул нічога немагчыма было зразумець, прыкладам казка пра ваду.

– Жыў-быў адзін чалавек, ні высокі ні нізкі, ні худы ні тоўсты, і вось аднойчы ён прачытаў артыкул пра экалёгію, у якім палохалі разнастайнымі катастрофамі і выміраньнем. Асабліва яго жахнула – аж сэрцайка сьціснулася – што можа скончыцца прэсная вада. Чаму менавіта гэта жахнула, а ня тыя дзіркі ў азонавым пласьце? Ці яшчэ што? Ніхто ня ведае. Можа, ён гарбаты многа піў. Карацей кажучы, страціў ён з тых часоў і спакой, і сон. Мучыўся-мучыўся, думаў-думаў, і прыдумаў. Купіў ён, значыцца, хатку ў вёсцы зь дзялянкай зямлі, разьмеціў дзялянку на квадраты, і на кожным квадраце стаў капаць ямы. Вырые яму, забэтаніруе дно й сьценкі як сьлед, а потым напоўніць яе вадой і вечка гермэтычна прыладзіць. Справа вядома няпростая й няхуткая, але за год, не ператамляючыся, ён пасьпеў закансэрваваць 20 кубамэтраў. І далей бы кансэрваваў, але тут вада пачала даражэць, даражэць, а потым і катастрофа грымнула. Не засталося больш на зямлі прэснае вады, і чалавецтва вымерла. А той чалавек свае запасы карыстаў эканомна, і яму да самай сьмерці вады хапіла, гадоў дваццаць яшчэ пражыў. А шкарпэткі ў моры мыў – бо працца можна і ў салёнай вадзе, нічога страшнага. Вось як здараецца, дзеткі. Добрай ночы!

Тата пагасіў сьвятло і выйшаў.

– Жудасная казка! – сказаў Хуліё дрыготкім голасам. – Усе памерлі.

– Але галоўны герой жа выжыў! І дажыў да натуральнае сьмерці, – сказаў Колік. – Гэта хэпі-энд.